Такаеў абвяшчае Казахстан спадкаемцам Залатой Арды
9- 8.10.2026, 11:31
- 1,988
Краіна праводзіць «рэбрэндынг» сваёй гісторыі.
Казахстан пры прэзідэнце Касыме-Жамарце Такаеве распачаў кампанію самастойнага пераасэнсавання і «рэбрэндынгу» сваёй гісторыі. Казахстанская дзяржава цяпер падаецца і ўнутры краіны, і на міжнароднай арэне як нашчадак Залатой Арды, паведамляе BBC.
Казахстанскія ўлады кажуць, што краіна, якая атрымала незалежнасць ад Расіі яшчэ ў 1991 годзе, цяпер, нарэшце, скарысталася сваім правам самастойна асэнсоўваць і сваю гісторыю.
Новая гістарычная палітыка відавочна накіраваная супраць папулярнай у Расіі версіі гісторыі казахаў, паводле якой яны да далучэння да Расійскай імперыі, а затым да Савецкага Саюза не мелі ніякай дзяржаўнасці і былі дзікімі качэўнікамі.
Адначасова гэты новы погляд на гісторыю можа разглядацца і як складовая частка знешняй палітыкі Такаева, які прасоўвае вобраз Казахстана як Middle Power, адной з уплывовых на сусветнай арэне дзяржаў сярэдняй велічыны.
Прамы нашчадак Арды
Пасля таго як Такаеў у 2019 годзе стаў прэзідэнтам, Астана пачала актыўна падтрымліваць даследаванні гісторыі Залатой Арды, дакладней, дзяржавы Улус Джучы — усходняй часткі гіганцкай імперыі Чынгісхана, а пасля аднаго з яе пераемнікаў-асколкаў.
У 2021 годзе Такаеў ініцыяваў стварэнне Інстытута вывучэння Улуса Джучы, а таксама распарадзіўся адрэстаўраваць маўзалей Джучы-хана, сына Чынгісхана, у Улытаўскай вобласці ў цэнтральным Казахстане.
У нядаўна выдадзенай сямітомавай гісторыі Казахстана падрабязна выкладзена гісторыя Залатой Арды як папярэдніцы Казахскага ханства, што паўстала ў 1465 годзе.

У маі гэтага года ў Астане прайшоў міжнародны сімпозіум па гісторыі Залатой Арды. Адкрываў яго асабіста прэзідэнт Такаеў.
У прамове на адкрыцці Такаеў назваў эпоху Залатой Арды найважнейшай часткай «перыяду цывілізацыйнай эвалюцыі» і сказаў, што згодна з новай, прынятай толькі ў сакавіку, Канстытуцыяй Казахстана, захоўваць пераемнасць з Вялікай Стэпай і яе тысячагадовай гісторыяй — святы абавязак казахаў.
«Наша краіна — прамая спадкаемніца Залатой Арды», — заявіў прэзідэнт.
Улус Джучы Такаеў назваў «імперыяй, якая злучала Захад і Усход, аказала значны ўплыў на з'яўленне і развіццё розных цывілізацый і дзяржаў і, несумненна, была найважнейшай палітычнай сістэмай».
Прэзідэнт распавёў, што Казахстан цяпер «актыўна пераглядае састарэлыя догмы і стэрэатыпы, якія нізводзяць некалі магутныя стэпавыя імперыі да так званых „паўдзяржаў“ і нават малююць качавыя народы дзікай, варварскай сілай, што існавала ўвогуле па-за глабальным гістарычным кантэкстам».
Паводле слоў Такаева, насамрэч інтэлектуальная эвалюцыя Цэнтральнай Азіі была, між іншым, заснаваная на «энергіі качавога свету і цюркска-мангольскай спадчыне», а эканоміка Залатой Арды спалучала ў сабе качавы лад жыцця, гарадскія рамесніцкія традыцыі і кантроль над паўночнай часткай Вялікага Шаўковага шляху.
Залатая Арда ў інтэрпрэтацыі Такаева аб'ядноўвала розныя культуры ў «адзіную сістэму гуманітарнага і палітычнага партнёрства», і цяпер Еўразія, на ягоную думку, павінна адпавядаць сваёй гістарычнай місіі і быць «важным цывілізацыйным і геапалітычным полюсам свету».
Анексія Крыму як паваротны момант
Як тлумачыў у ліпені ў інтэрв'ю «Азаттык Азія», падраздзяленню «Радыё Свабода», кіраўнік Інстытута вывучэння Улуса Джучы Жаксылык Сабітаў, у 1990-я гады сітуацыя ў Казахстане была складанай і «любая спроба ў бок росту нацыянальнай самасвядомасці магла нават прывесці да грамадзянскай вайны».
Таму ўлады Казахстана, паводле яго слоў, устрымліваліся ад таго, каб акцэнтаваць увагу на тэмах гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці казахаў. Пры Нурсултане Назарбаве больш увагі ўлады надавалі ідэі сучаснага незалежнага Казахстана як дзяржавы, створанай ужо ў найноўшы час.

Паваротным момантам, паводле слоў Сабітава, стала анексія Расіяй Крыму ў 2014 годзе.
«У палітычнай эліты з'явілася разуменне, што верыць у тое, што Нурсултан Абішавіч — заснавальнік [дзяржавы], — гэта вельмі дрэнная гісторыя. Таму цікавасць да гісторыі да Назарбаева пасля Крыму вельмі моцна вырас. У 2019 годзе аднавілі гістарычную справядлівасць. Пачалі звяртаць увагу на Залатую Арду. Бо яна папярэднічала Казахскаму ханству і без яе немагчыма зразумець гісторыю Казахскага ханства», — працягвае Жаксылык Сабітаў.
Намеснік кіраўніка казахстанскага Інстытута гісторыі і этналогіі Жомарт Жэніс пісаў у артыкуле на сайце газеты «Вячэрняя Астана», што ў Казахстане шмат гадоў дамінавала эўрацэнтрычная парадыгма, але цяпер краіна здольная самастойна вызначаць для сябе «сапраўдны ідэалагічны кірунак».
Гэтае накіраванне, на думку Жэніса, «заснаванае на гістарычных фактах і нацыянальных каштоўнасцях, адлюстроўвае статус краіны як рэгіянальнай дзяржавы і можа аб'яднаць народ і ўладу і ўзняць нацыянальны дух».
«Няма чым ганарыцца»
Пры гэтым Астана добра разумела, што яе імкненне пазіцыянаваць Казахстан як дзяржаву, якая каранямі сыходзіць у часы Залатой Арды, не магло не выклікаць раздражанай рэакцыі ў Расіі, дзе гісторыкі ў асноўным разглядаюць Арду праз прызму пакут, якія прынесла «татарска-мангольскае іга».
Касым-Жамарт Такаеў у сваёй майскай прамове заклікаў аб'ектыўна і палітычна нейтральна вывучаць гісторыю і пазбягаць «лінейнага погляду на складаную, шматслаёвую гісторыю Залатой Арды», каб не сапсаваць добрыя адносіны паміж народамі і краінамі.
Але многіх у Расіі такія заклікі не пераконваюць. Напрыклад, аўтар інтэрнэт-часопіса «Ваенна-палітычная аналітыка» Нікіта Мендковіч у чэрвеньскім артыкуле па слядах майскага сімпозіума ў Астане напісаў, што ў казахаў няма падстаў ганарыцца спадчынай Залатой Арды, таму што ў перыяд заваявання яна несла продкам сучасных казахаў генацыд, а затым яны, у інтэрпрэтацыі Мендковіча, «былі аднымі з мноства даннікаў Залатой Арды, складаючы частку […] сацыяльных нізоў на падначаленых ёй тэрыторыях».
«Культурнае адраджэнне казахаў», як пераконвае Мендковіч, пачалося толькі ў XIX стагоддзі, пасля іх далучэння да Расійскай імперыі.
Некаторыя расійскія каментатары інтэрпрэтуюць імкненне Казахстана падкрэсліваць гістарычную сувязь з Залатой Ардой і як утаёнае прэтэндаванне на вялікія кавалкі тэрыторыі цяперашняй Расіі, якія таксама ўваходзілі ў Улус Джучы і карэннае насельніцтва якіх этнічна блізкае да цюркскіх народаў.
«Найбольш яскравая падзея ў гісторыі Казахстана»
Гэты адыход Казахстана ад расійска-савецкай версіі гісторыі вітае, у прыватнасці, саўзаснавальнік аналітычнага цэнтра «Украінскі інстытут будучыні» Анатоль Амелін. У маі ён пісаў, што гэтае «перафарматаванне гістарычнага наратыву» мае стратэгічнае значэнне.
Паводле задумы Амеліна, такім чынам Казахстан «дыстанцуецца ад савецкага і „рускага свету“ цывілізацыйнага поля». Акрамя таго, на думку ўкраінскага аналітыка, пошук каранёў у гісторыі Арды і Улуса Джучы будзе садзейнічаць і ўнутранай нацыянальнай кансалідацыі.
«Спадчына Залатой Арды аб'ядноўвае ўсе казахскія жузы і роды пад агульным інстытуцыйным дахам, што існаваў яшчэ да падзелу на казахаў, нагайцаў, татараў і ўзбекаў, што дапамагае пераадольваць трайбалізм», — лічыць Амелін.
Вітае новы падыход Казахстана да сваёй гісторыі і гісторык Марат Гацін з расійскага Татарстана.
«Гэта цалкам нармальная з'ява. У Казахстане цікавяцца ўласнай нацыянальнай гісторыяй, якую яны звязваюць са спадчынай Залатой Арды. Гэта наўпрост звязана з умацаваннем ідэнтычнасці. Бо эпоха Улуса Джучы, бадай, найбольш яскравая падзея гісторыі Казахстана», — сказаў Гацін у інтэрв'ю ў ліпені гэтага года.
Але ўзбекскі антраполаг і палітычны філосаф Бахціёр Алімджанаў баіцца, што прэтэнзіі Казахстана на пераемнасць з імперыяй заваёўнікаў могуць стварыць напружанасць у Цэнтральнай Азіі.
Алімджанаў нагадаў у размове з «Азаттык Азія», што Узбекістан яшчэ з пачатку 1990-х «пачаў прасоўваць ідэалогію Цімура» і сцвярджаць, што ўзбекі — нашчадкі Тамерлана, то-бок лідарамі Цэнтральнай Азіі.
«Менавіта рэабілітацыя гэтай імперскасці перашкодзіла цэнтральнаазіяцкай інтэграцыі. У той час сярод суседзяў не было такіх амбіцый. Толькі ва Узбекістана. А цяпер Казахстан таксама „хварэе“. Тое, што Казахстан з'яўляецца нашчадкам і пераемнікам Залатой Арды, гэта, вядома, стварае напружанне ў рэгіёне. Бо цяпер з'яўляюцца дзве падобныя імперскасці. І цяпер яны будуць паміж сабой канкураваць», — лічыць Алімджанаў.
«Працэс не можа быць адменены»
У самым Казахстане многія гісторыкі і палітычныя аглядальнікі з энтузіязмам падтрымліваюць гістарычную палітыку Такаева.
«Адмаўляць сувязь казахаў з Залатой Ардой — усё адно што адмаўляць сувязь сучасных еўрапейцаў з антычным светам», — пісаў у чэрвені аглядальнік недзяржаўнага выдання Exclusive.kz Марлен Зіманаў.
«Казахскае ханства ўзнікла не на пустым месцы. Яно стала прамым працягам джучыдаўскай дзяржаўнасці пасля распаду Улуса Джучы. Казахскія ханы паходзілі з той жа дынастыі Чынгізідаў, якая кіравала Залатой Ардой. Палітычныя інстытуты, нормы ўлады, ваенная арганізацыя і ўяўленні пра дзяржаўнасць фармаваліся ўнутры ардынскага свету» — тлумачыць Зіманаў.
Казахстанскі палітолаг Аскат Дукенбаеў, палемізуючы ў артыкуле на тым жа сайце Exclusive з Нікітам Мендковічам і іншымі апанентамі, тлумачыць, што казахстанскія гісторыкі імкнуцца пераадолець спадчыну расійскага і савецкага перыяду, з-за якой у Цэнтральнай Азіі дамінавала расійская папулярная версія гісторыі Улуса Джучы.
«Інтэрпрэтацыі, што паходзяць ад цюркскіх і мангольскіх народаў паслясавецкай Еўразіі — казахаў, татараў, башкір, узбекаў, каракалпакаў, туркмен, азербайджанцаў, калмыкаў, бурятаў-манголаў і іншых народаў, чые гістарычныя і гістарыяграфічныя традыцыі звязаныя са спадчынай Чынгісхана і чынгізідскіх дзяржаўных дынастый, — нярэдка ўспрымаліся (і ў многім працягваюць успрымацца) як другасныя, перыферыйныя або палітычна матываваныя, а не як раўнапраўныя версіі агульнага мінулага», — тлумачыць Дукенбаеў.
«Тым не менш, нягледзячы на гэтую асіметрыю, якой усё больш паслядоўна кідае выклік абноўленая гістарыяграфія Казахстана і іншых постімперскіх грамадстваў рэгіёна, — працягвае казахстанскі палітолаг, — народы Паўночнай і Цэнтральнай Еўразіі паступова пераасэнсоўваюць ардынскую спадчыну і інтэгруюць яе ў ўласныя гістарычныя наратывы».
«Працэс асэнсавання і пераасэнсавання ардынскай спадчыны ўжо стаў часткай гістарычнай рэальнасці рэгіёна і не можа быць адменены або „заблакаваны“ вонкавымі інтэрпрэтацыйнымі рамкамі», — падсумаваў палітолаг Аскат Дукенбаеў.