8 кастрычнiка 2026, Чацвер, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітзняволены Вацлаў Арэшка канчаткова страціў зрок

Палітзняволены Вацлаў Арэшка канчаткова страціў зрок
Вацлаў Арэшка

Але змог сам напісаць некалькі слоў сваім унукам.

Палітзняволены, асуджаны на восем гадоў, актывіст незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Вацлаў Арэшка стаў цалкам сляпым. Пра гэта паведаміла сваячка палітзняволенага, піша «Радыё Свабода».

«Раней бачыў святло і цень, цяпер ужо і гэтага няма. А пра тое, як з гэтым спраўляецца, нічога не распавядае, абыходзіць гэтую цяжкую тэму. Тры дні таму прыслаў ліст, павіншаваў унукаў з днямі народзінаў. Некалькі слоў нават напісаў сваёй рукой, праўда, атрымалася неразборліва, амаль нічога не ўдалося прачытаць, але добра, што стараецца», — распавяла пра Вацлава Арэшку ягоная сваячка.

Паводле крыніцы, адміністрацыя калоніі № 22, дзе ўтрымліваюць палітзняволенага Арэшку, прапаноўвала яму этапам адправіцца ў шпіталь, але ён адмовіўся.

«Наколькі ведаю, баіцца ехаць у шпіталь, бо можа не вытрымаць этапу. Тое, што распавядаў пра Вацлава журналіст Семчэнка, — усё так і ёсць», — дадала крыніца.

У верасні пра дрэнны стан Вацлава Арэшкі распавядаў на тэлеканале «Белсат» журналіст Дзмітрый Семчэнка, які адбываў свой тэрмін у той жа івацэвіцкай калоніі.

«У яго адслаілася сятчатка, і стан быў усё горшы і горшы. Мы ўжо водзілі яго, каб патэлефанаваць, літаральна праводзілі яго да кухні. Ён ходзіць, але ён нічога не бачыць. Калі спачатку ён яшчэ бачыў, калі дзень не надта сонечны, калі сонца яго не сляпіла, дык у цемры ён ужо не бачыць, ён не можа выйсці ўначы ў туалет. Праз такія пакуты праходзіць гэты чалавек. Гэта, ну, не перадаць словамі», — распавядаў былы палітзняволены Дзмітрый Семчэнка.

Вацлаву Арэшку 71 год. Паводле слоў сваячкі палітзняволенага, у яго таксама ёсць іншыя захворванні.

«Яшчэ ў яго ціск, спіна, праблемы з нагамі. Становіцца ўсё горш», — паведаміла крыніца пра здароўе Вацлава Арэшкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲