ЗСУ метадычна разбураюць лагістыку РФ на поўдні
- 8.10.2026, 15:54
- 1,132
Пад удар трапляюць не толькі машыны акупантаў.
Украінскія войскі не зніжаюць тэмп удараў па расійскай лагістыцы на поўдні Украіны. Паводле дадзеных OSINT-аналітыка Клемента Моліны, з мая 2026 года дроны сярэдняй далёкасці паразілі на ключавых трасах больш за 3 тыс. грузавікоў і іншай тэхнікі.
Адзін з галоўных напрамкаў — траса Р-280. З акупаваных раёнаў поўдня Украіны амаль штодня з'яўляюцца аднатыповыя відэа: па дарогах на вялікай хуткасці ідуць калоны грузавікоў, многія з іх суправаджаюцца машынамі з усталяванымі сродкамі СПА. Яны вязуць тавары, паліва і вайсковую тэхніку, але пастаянна трапляюць пад удары БПЛА. Самі расійскія вадзіцелі выкладваюць ролікі пра тое, наколькі небяспечнымі сталі рэйсы.
Пад удар трапляюць не толькі машыны. Украінскія вайскоўцы атакуюць масты, частка з якіх знішчана, у тым ліку ў раёне Чонгара. Пераход на понтонныя пераправы робіць кожны грузавік больш лёгкай мішэнню.
Цяпер па сухапутным калідоры ў Крым, трасе Растоў – Крым, транспарт пераважна ідзе калонамі. Звычайна гэта тры–пяць грузавікоў і два–тры аўтамабілі са СПА. Паводле ацэнкі Моліны, забеспячэнне Крыму ператвараецца ў сур'ёзную праблему, а зіма толькі пагоршыць сітуацыю: стане менш прыродных укрыццяў сярод дрэў, а з'ехаць з дарогі будзе цяжэй з-за надвор'я.
Аналітык працягвае весці статыстыку удараў дронаў сярэдняй далёкасці не толькі на поўдні, але і ў раёнах Данецка і Луганска. У верасні, паводле яго падлікаў, паражана не менш за 770 грузавікоў і іншага транспарту. У гэтую лічбу ўвайшла толькі тэхніка, што трапіла на апублікаваныя ўкраінскім бокам відэа, якія знятыя на адлегласці больш як 20 км ад лініі фронту.

Украінскія сілы выкарыстоўваюць як беспілотнікі сярэдняй далёкасці — Hornet, Darts, RAM 2X, B2, Chaklun і іншыя, — так і FPV-дроны вялікай далёкасці. Група Ronin з 65-й механізаванай брыгады пастаянна б'е па маршрутах забеспячэння ў Запарожскай вобласці, у раёне Токмака і Васіліўкі, ужываючы ў тым ліку FPV-дроны з кіраваннем па аптычным валакне, якія забяспечваюць устойлівую перадачу відэа. У прыярытэце для ўкраінскіх разлікаў мабільныя групы СПА, палівазапраўшчыкі, а таксама буйныя ваенныя і грамадзянскія грузавікі.
Расія, у сваю чаргу, усё часцей выкарыстоўвае супраць украінскіх дронаў сярэдняй далёкасці беспілотнікі-перахопнікі. Групоўка «Рубікон» заяўляе, што з пачатку года збіла 7 тыс. БПЛА, з іх 1,8 тыс. у верасні. Моліна раіць ставіцца да гэтых лічбаў асцярожна, бо расіяне нярэдка завышаюць вынікі.
Паводле слоў аналітыка, кампанія удараў дронаў сярэдняй далёкасці не спынілася і не запаволілася, як сцвярджалі некалькі месяцаў таму. Проста яна знікла з загалоўкаў на фоне ўзмацнення расійскіх далёкадасягальных атак па Украіне. Але з часам наступствы для расійскай лагістыкі становяцца ўсё больш прыкметнымі.