Археолаг распавёў, як студэнты знайшлі самы загадкавы горад Беларусі
- 8.10.2026, 17:42
Ён праіснаваў усяго 12 гадоў.
Блогер, які піша пасты пра гісторыю, археалогію і этнаграфію Беларусі, распавёў у сацыяльнай сетцы Threads пра тое, як звычайныя студэнты першага курса гістарычнага факультэта БДУ зрабілі адно з найбольш значных адкрыццяў пра мінулае нашай краіны.
«У 2008 годзе мы паехалі на археалагічную практыку. Палова групы — у Юравічы на раскопкі паселішча IX–XI стагоддзяў, другая частка — у Светлагорскі раён — капаць старажытнае паселішча скіфаў, — піша ён. Скіфамі там і не пахла. Пачалі знаходзіць манеты, талеры XVII стагоддзя. Пазней выявілі масавае пахаванне людзей са слядамі гвалтоўнай смерці.
На гэтым месцы нічога не павінна было быць. Пачалі гартаць архівы і высветлілі, што гэта горад Казімір, які быў знішчаны ў 1655 годзе казакамі Хмяльніцкага.
Гэты горад праіснаваў усяго 12 гадоў. Нягледзячы на гэта, ён быў цэнтрам гандлю і рамяства з магдэбургскім правам. Горад быў настолькі разбураны, што пасля вайны яго не сталі аднаўляць, і аж да 2008 года пра яго існаванне проста забылі.
Я вельмі шкадую, што не апынуўся менавіта ў гэтай групе. Сказаць, што мы зайздросцілі, — нічога не сказаць. Прыязджала тэлебачанне, знялі шыкоўны сюжэт. Вось так звычайныя студэнты першага курса ўвайшлі ў гісторыю».
Як сведчыць «Прывілей каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Цэцыліі Рэнаты Габсбург», Казімір быў утвораны з паселішча Слабада ў Бабруйскім старостве і з часу заснавання меў магдэбургскае права.
Прывілей выявіў і апублікаваў доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін. Паводле яго высноў, горад знаходзіўся на месцы сучаснай вёскі Каралёва Слабада-2 Красноўскага сельсавета Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.