Jaguar прадставіў тысячасільны электрамабіль
1- 8.10.2026, 20:15
Аўтамабіль ужо назвалі найбольш магутнай мадэллю за ўсю гісторыю брытанскай маркі.
Аўтавытворца Jaguar Land Rover прадставіў электрамабіль Type 01. Яго выпусцяць у продаж ужо ў 2027 годзе, піша партал «За рулем».
Ад канцэпта Type 00 аўтамабіль для масавай вытворчасці пераняў доўгі капот, вузкую святлодыёдную аптыку, празрысты дах, падоўжаны задні звес, высоўны спойлер і 23-цалевыя колавыя дыскі.
Аднак прататып быў двухдзвярным, а фастбэк для канвеера ператварыўся ў чатырохдзвярнае Gran Turismo.
Задняга астаклення ў Type 01 няма ўвогуле, хаця падобнае рашэнне ўжо сустракалася ў Avatr 12 і Polestar 4. Найбольш незвычайнае ў інтэр'еры — доўгая цэнтральная кансоль, што цягнецца па ўсёй даўжыні салона і падзяляе яго на індывідуальныя зоны.

Асноўныя функцыі і сістэмы кіроўца наладжвае праз сяміцалевы экран і сэнсарныя панэлі на рулі. Асобнага дысплея мультымедыйнай сістэмы таксама не прадугледжана: навігацыя і іншыя даныя выводзяцца на велізарную 24-цалевую лічбавую прыборную панэль.

У аснове навінкі — новая платформа Jaguar Electric Architecture (JEA) з 850-вальтавай архітэктурай. Тры электрарухавікі выдаюць сумарна 1030 к.с. і 1365 Н·м крутоўнага моманту, да сотні аўтамабіль разганяецца ўсяго за 3,2 с. Запас ходу складае 720 км, а папоўніць зарад батарэі з 10 да 80% можна за 22 хвіліны.
Замовы пачнуць прымаць на пачатку 2027 года, першыя пастаўкі кліентам запланаваныя на другую палову наступнага года. У Вялікабрытаніі цэны пачынаюцца ад £130 тыс.

