Кіраўнік расійскай ваеннай разведкі здзейсніў таемны візіт перад перамовамі ў Абу-Дабі
- 10.11.2026, 8:45
Змест перамоў афіцыйна не раскрываецца.
Расійскі ваенны самалёт з дэлегацыяй высокага ўзроўню на чале з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл РФ (ГРУ), адміралам Ігарам Касцюковым, прыбыў у Ізраіль у суботу ўвечары, здзейсніўшы незвычайны візіт.
Пра гэта паведаміў журналіст Аміхай Штэйн са спасылкай на дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, у The Jerusalem Post.
Паводле дадзеных выдання, расійская дэлегацыя правяла сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі абароннага ведамства Ізраіля.
Пры гэтым мэты візіту і змест перамоў афіцыйна не раскрываюцца.
Нечаканы прыезд расійскай ваеннай дэлегацыі ў краіну адбыўся на фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе і няпэўнасці вакол магчымага новага вітка вайсковага супрацьстаяння ЗША, Ізраіля і Ірана.
У панядзелак самалёт і расійская дэлегацыя пакінулі Ізраіль і накіраваліся ў Абу-Дабі. Там Касцюкоў і прадстаўнікі РФ, якія яго суправаджалі, павінны прыняць удзел у перамовах па Украіне пры пасярэдніцтве ЗША, запланаваных на 10–11 лістапада.