«Гэта мог быць толькі Куба»
- 10.11.2026, 22:27
Гісторыя польскага паліцэйскага з Бельска-Бялы, які стаў героем пасля нападу ў Кракаве.
24-гадовы Якуб Кулік з Бельска-Бялы апынуўся адным з паліцэйскіх, якія спынілі ўзброенага нападніка у цэнтры Кракава. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы. У родным горадзе яго называюць чалавекам, які з юнацтва быў гатовы дапамагаць іншым, піша Onet.pl.
Фатаграфія параненага паліцэйскага, які стаіць на каленях на бруку ў Кракаве пасля затрымання нападніка, стала адным з сімвалаў трагічных падзей апошніх дзён. На здымку — старшы пастарунковы Якуб Кулік з Бельска-Бялы.
Калі старшыня дабраахвотнай пажарнай каманды Лешчыны Уладзіслаў Шыпула убачыў кадры з месца здарэння, першай яго думкай было: ці жывы Якуб.
«Калі я ўбачыў момант, як яго абясшкоджваюць, зразумеў: гэта мог быць толькі Куба. Ніхто іншы», — узгадвае ён.
З 14 гадоў — у пажарнай камандзе
Кулік нарадзіўся ў 2002 годзе. У 14 гадоў ён далучыўся да маладзёжнай пажарнай дружыны пры OSP Лешчыны. Разам з ім туды прыйшлі некалькі сяброў, аднак большасць падлеткаў з цягам часу сышлі.
Якуб застаўся. Паводле кіраўніка пажарнай каманды, ён хутка зразумеў, што служба — гэта не гульня, а цяжкая праца, якая патрабуе дысцыпліны і пастаяннай падрыхтоўкі.
Яго былыя таварышы ўзгадваюць Куліка як чалавека, які заўсёды імкнуўся даводзіць пачатае да канца. Калі камусьці патрэбна была дапамога, ён не чакаў просьбаў — проста дзейнічаў.
«Ён заўсёды хацеў быць найлепшым у сваёй справе», — распавядае адзін з яго школьных сяброў, таксама дабраахвотны пажарны.
Акрамя службы ў пажарнай камандзе, Якуб шмат гадоў быў звязаны з мясцовай парафіяй: спачатку быў міністрантам, а потым стаў чытачом.
Настаўнікі ўбачылі ў ім будучага выратавальніка
Кулік скончыў II агульнаадукацыйны ліцэй імя Адама Асныка ў Бельска-Бяле. Ён вучыўся ў спецыяльным класе, скіраваным на бяспеку, выратавальныя аперацыі і кіраванне надзвычайнымі сітуацыямі.
Яго класная кіраўніца Рэната Кудлачэк узгадвае Якуба як актыўнага, смелага і фізічна падрыхтаванага вучня.
Па яе словах, ён не баяўся складаных пытанняў, выклікаў і канфрантацыі. Менавіта такія якасці, лічыць педагог, асабліва важныя для людзей, якія выбіраюць працу ў сілавых структурах.
Школьная праграма ўключала заняткі па выратавальнай справе, сустрэчы з прадстаўнікамі службаў і практычныя трэніроўкі. Вучні рэгулярна адпрацоўвалі навыкі аказання першай дапамогі.
«Пазней здараюцца такія падзеі, як субота ў Кракаве, і высвятляецца, што менавіта гэтыя навыкі могуць вырашыць, ці выжыве чалавек ці не», — кажа настаўнік Роберт Міхальскі.
Ад дэсантніка — да паліцыі
Пасля заканчэння школы ў 2022 годзе Кулік паступіў на дабраахвотную ваенную службу. Ён служыў у 18-м Бельскім паветрана-дэсантным батальёне, дзе прайшоў паглыбленую стралковую падрыхтоўку і атрымаў кваліфікацыю баявога медыка.
Пазней вайсковец правёў каля трох месяцаў у раёне польска-беларускай мяжы.
Аднак Якуб хацеў працаваць непасрэдна з людзьмі і ў выніку вырашыў перайсці ў паліцыю. Ён паступіў на службу ў Кракаве.
Асабістае жыццё таксама змянілася: каля двух гадоў таму ён ажаніўся, пераехаў у Пшчыну — родны горад сваёй жонкі — і ў пары нарадзілася дзіця.
Некалькі хвілін, якія змянілі ўсё
У суботу ўзброены 24-гадовы мужчына атакаваў людзей у цэнтры Кракава. У выніку загінулі шэсць чалавек, яшчэ 16 атрымалі параненні.
Паліцэйскія Якуб Кулік і Артур Мораньскі апынуліся побач з месцам нападу. Яны ўступілі ў супрацьстаянне з узброеным злачынцам і змаглі яго спыніць. Абодва супрацоўнікі паліцыі атрымалі цяжкія параненні.
Менавіта кадры гэтай аперацыі зрабілі Куліка вядомым на ўсю Польшчу.
Яго былы настаўнік Роберт Міхальскі кажа, што ніколі не думаў, што за сваю шматгадовую педагагічную кар’еру ўбачыць, як страляюць у яго вучня.
«Куба праявіў сапраўдны гераізм», — кажа ён.
У родным горадзе чакаюць яго вяртання
Пасля нападу да будынка пажарнай часткі ў Лешчынах пачалі прыязджаць журналісты. Хутка пасля трагедыі мясцовыя пажарныя арганізавалі збор крыві для свайго параненага таварыша.
Аднак у роднай дабраахвотнай пажарнай камандзе не хочуць ператвараць гісторыю Куліка ў публічнае шоу.
«Мы не будзем вазіць яго па горадзе напаказ. Куба гэтага не любіць. Яму цяпер патрэбныя спакой і павага», — падкрэслівае старшыня OSP Leszczyny.
У пажарнай частцы спадзяюцца на ягонае выздараўленне і хочуць убачыць Якуба сярод сваіх таварышаў ужо пасля вяртання з бальніцы.
Для жыхароў Лешчын ён застаецца перадусім сваім чалавекам — тым самым хлопчыкам, які ў 14 гадоў прыйшоў у пажарную каманду і з таго часу прысвяціў сябе службе іншым.
У Польшчы Куліка і яго напарніка Артура Мораньскага ўжо называюць героямі. Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі вырашыў узнагародзіць абодвух паліцэйскіх афіцэрскімі крыжамі Ордэна Адраджэння Польшчы — за выдатныя заслугі ў забеспячэнні парадку і бяспекі, а таксама выключную самаадданасць і мужнасць.