Зяленскі: Вайна можа скончыцца да канца 2026-га года
- 12.11.2026, 10:08
- 1,074
Прэзідэнт Украіны заявіў пра «акно магчымасцяў».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што цяпер ёсць акно магчымасцяў для дасягнення дамоўленасцяў аб завяршэнні вайны да канца 2026-га года. У наступным годзе можа змяніцца палітычная сітуацыя ў Еўропе, а пэўныя змены ўжо адбываюцца ў ЗША. Пра гэта Зяленскі заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Ірландыі Міхалам Марцінам.
У той жа час кіраўнік дзяржавы не хавае скептыцызму адносна бліжэйшых крокаў. Ён спадзяецца, што амерыканскія перамоўшчыкі пасля размовы з прадстаўнікамі краіны-агрэсара вернуцца ў Дублін з канкрэтнымі прапановамі, але не надта ў гэта верыць.
«Сёння ёсць гэта акно магчымасцяў... Мне вельмі хацелася б, каб яны вярнуліся ў Дублін з канкрэтнымі вынікамі. Я не вельмі ў гэта веру. Дазвольце мне быць скептыкам у гэтай камандзе. Але надзея ўсё роўна ёсць», - заявіў прэзідэнт Украіны.
Чаму для міру важна паспець да 2027-га года
Паводле слоў Зяленскага, шмат што будзе залежаць ад дыялогу ЗША з Расіяй, які павінен адбыцца заўтра. Нягледзячы на няпэўнасць, Украіна будзе рабіць усё магчымае, каб дасягнуць выніку да канца года.
«І таму, гледзячы на ўсе гэтыя дэталі, мы спадзяёмся атрымаць вынік. Безумоўна, мы жывём з вамі падчас вайны, безумоўна, мы хочам дасягнуць выніку да канца года і будзем для гэтага рабіць усё» - рэзюмаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Таксама прэзідэнт Украіны падкрэсліў ролю еўрапейскіх партнёраў у мірным працэсе.
«Завяршаць гэтую вайну без удзелу Еўропы несправядліва і, шчыра кажучы, немагчыма», - сказаў Зяленскі.