Пентагон ужо пачаў пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне на $400 мільёнаў
1- 12.11.2026, 10:32
Палову сумы накіруюць на набыццё зенітных ракет для сістэм ППА.
Міністэрства абароны ЗША ўжо пачало пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне на 400 млн долараў, але яны працягнуцца да 2029 года. Пра гэта ў сваім акаўнце ў сацсетцы X са спасылкай на інсайдараў паведаміў вашынгтонскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Алекс Рауфоглу.
Паводле звестак Рауфоглу, Міністэрства абароны ЗША паведаміла Кангрэсу, што ўсе 400 млн долараў ваеннай дапамогі Украіне з фонду European Capacity Fund ужо размеркаваныя і пачаліся першыя пастаўкі, але гэта працяглы працэс, які працягнецца аж да 2029 года.
200 млн долараў з гэтых 400 млн долараў накіруюць на набыццё для Украіны зенітных ракет для сістэм ППА (праціпаветраная абарона). На 100 млн долараў у амерыканскіх кампаній набудуць розныя запасныя часткі для ўкраінскай арміі (акрамя запасных частак для знішчальнікаў F-16).
Астатнія 100 млн долараў накіруюць на аплату дастаўкі ў Украіну амерыканскай зброі і запасных частак. Кангрэс ЗША зацвердзіў продаж Украіне амерыканскай зброі на 400 млн долараў у верасні 2025 года.
Чакалася, што пастаўкі скончацца ў 2026–2027 фінансавым годзе. Але Пентагон не спяшаўся размяркоўваць гэтыя сродкі, і толькі цяпер стала вядома, што ён гэта ўсё ж такі зрабіў.