Стуб спрагназаваў новы фармат мірных перамоваў з Расіяй
1- 12.11.2026, 11:49
Прэзідэнт Фінляндыі назваў тэрміны.
Мірны працэс па завяршэнні вайны ва Украіне можа ўжо неўзабаве змяніць фармат. Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб дапускае, што наступным крокам стане тэхнічная сустрэча, у якой упершыню возьмуць удзел адразу чатыры бакі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю журналістцы Крысціяне Аманпур.
Па словах Стуба, за адным сталом могуць сабрацца прадстаўнікі Украіны, ЗША, Расіі і Еўропы, і адбыцца гэта можа ўжо на працягу адна-двух тыдняў. Нагадаем, што дагэтуль еўрапейцы непасрэдна ў такіх перамовах не ўдзельнічалі.
«Я лічу, што існуе рэальная верагоднасць таго, што еўрапейцы будуць прысутнічаць за сталом перамоваў», – сказаў Стуб.
Фінскі прэзідэнт прызнаў, што яшчэ некалькі тыдняў таму перамовы ледзь не сарваліся. Ён нагадаў пра сустрэчу ў Осла.
«На мой погляд, мы можам назіраць пэўныя асцярожныя крокі наперад. Успомнім, як некалькі тыдняў таму ў Осла мы сустрэліся з усімі бакамі, акрамя расіян. Па маім меркаванні, перамовы тады былі на мяжы зрыву», – расказаў прэзідэнт Фінляндыі.
Ён адзначыў, што сітуацыю змянілі перамовы ў Абу-Дабі, сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, дзе сустрэліся ўкраінская, амерыканская і расійская дэлегацыі. Як падкрэсліў Стуб, гэтыя сустрэчы дапамаглі аднавіць трохбаковы дыялог. Сярод першых добрых знакаў ён назваў дамоўленасць аб узаемным вызваленні ваеннапалонных.
«Дык вось я лічу, што наперадзе нас чакаюць нязначныя зрухі. Адным з іх было тое, пра што толькі што ўзгадаў Джарэд Кушнер, – узаемнае вызваленне ваеннапалонных», – адзначыў Стуб.
Асобна фінскі лідар звярнуў увагу на сустрэчу ў Маскве, запланаваную паміж спецпасланнікамі ЗША Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткофам і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.
«На мой погляд, галоўныя перамовы адбудуцца ў Маскве паміж Кушнерам, Уіткофам і Пуціным, і пасля гэтага мы ўбачым, як будзем рухацца далей», – заявіў ён.
Прэзідэнт Фінляндыі перакананы, што гаварыць трэба з усімі бакамі, нават калі іх пазіцыі моцна адрозніваюцца.
«Нешта з таго, што мы чуем, нам не падабаецца, а нешта – падабаецца, але ў дыялогу павінны ўдзельнічаць людзі», – растлумачыў Стуб.