У Беларусі рэзка пацяплее
- 12.11.2026, 12:28
Ідзе цёплае паветра з Міжземнага мора.
Пасля пахаладання і першага снегу ў Беларусі ненадоўга пацяплее. Пра гэта паведамляе pogoda.by.
У чацвер, 12 лістапада, у многіх раёнах пройдуць невялікія ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Удзень слупкі тэрмометраў пакажуць ад +1 да +6 градусаў.
У пятніцу, 13 лістапада, стане прыкметна цяплей. Прычына — прыход з паўднёва-захаду Еўропы актыўнай сістэмы атмасферных франтоў і цёплай паветранай масы міжземнаморскага паходжання. Неба зацягнуць аблокі, амаль па ўсёй краіне пройдуць дажджы. Уначы ў паўночна-ўсходніх раёнах магчымыя мокры снег і слабы галалёд, а ўдзень месцамі на паўднёва-ўсходзе чакаюцца моцныя дажджы. Уначы тэмпература складзе ад -1 да +6, удзень ад +2 да +8°С, а на паўднёва-ўсходзе да +12°С. Вецер на працягу сутак будзе паўднёвым з пераходам на заходні, умераны, месцамі парывісты.
У суботу, 14 лістапада, надвор'е ў Беларусі зноў будуць вызначаць халодныя неўстойлівыя паветраныя масы з паўночна-захаду Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы пройдзе дождж з мокрым снегам, тэмпература складзе ад -2 да +3 градусаў, удзень паветра прагрэецца да +1…+6 градусаў.