За ўсмешкамі Трампа і Сі хаваецца сапраўдная шпіёнская вайна
- 12.11.2026, 12:08
Фота: AP
Кіраўнікі тэхналагічных гігантаў сталі ласымі мэтамі.
За спробамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і старшыні КНР Сі Цзіньпіна наладзіць адносіны хаваецца вострае разведвальнае супрацьстаянне. Амерыканскія спецслужбы лічаць, што кітайская бізнэсвумен Эліс Хуан, з якой у кіраўніка Nvidia Джэнсена Хуана быў раман, працавала на Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Кітая. Скандал закрануў аднаго з самых уплывовых прадстаўнікоў амерыканскай тэхналагічнай галіны, які актыўна ўдзельнічае ў перамовах аб пастаўках чыпаў у Кітай, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).
Эліс Хуан раней займала кіраўнічую пасаду ў сінгапурскай кампаніі Megaspeed. Яна набывае перадавыя чыпы Nvidia, якія выкарыстоўваюцца для вылічэнняў і развіцця штучнага інтэлекту. Сама кампанія Nvidia пачала ўнутранае расследаванне. Эліс Хуан не адказала на запыты журналістаў.
У ЗША лічаць, што тэхналагічнае супрацьстаянне робіць кіраўніка Nvidia асабліва прывабнай мэтай для кітайскай разведкі. Кампанія знаходзіцца ў цэнтры барацьбы Вашынгтона і Пекіна за лідарства ў сферы штучнага інтэлекту, а Джэнсэн Хуан лабіруе змякчэнне абмежаванняў на экспарт амерыканскіх чыпаў у Кітай.
«Калі Кітай абвяшчае што-небудзь агульнанацыянальным стратэгічным прыярытэтам, гэта азначае, што ён задзейнічае ўсе даступныя сродкі — працаваць, купляць або красьці дзеля дасягнення мэты», — заявіў былы супрацоўнік амерыканскай разведкі.
Пекін адхіліў абвінавачанні, назваўшы іх «не чым іншым, як паклёпам на Кітай».
Нягледзячы на скандал, сустрэча Трампа і Сі ў Шэньчжэне на наступным тыдні пакуль не адменена. Амерыканскі прэзідэнт ужо заявіў, што не збіраецца абмяркоўваць з кітайскім лідарам гісторыю вакол Nvidia. Пры гэтым ЦРУ адкрыта прызнае, што амерыканская разведка таксама збірае інфармацыю пра кітайскія прыватныя кампаніі, асабліва ў сферы высокіх тэхналогій.