Беларускі аўтападборшчык паказаў, як неахайна фарбуюць аўтамабілі «БелДжы»
- 12.11.2026, 15:48
Праглядаецца грунт.
Спецыяліст па падборы аўтамабіляў Аляксей, які вядзе Instagram-акаўнт aleksei_avtopodbor.bel, ацаніў якасць афарбоўкі новых аўтамабіляў «БелДжы». На відэа мадэлі X80 відаць, што ніжняя частка парогаў з абодвух бакоў не афарбаваная ў колер кузава: падчас афарбоўкі фарбу распылялі толькі пад адным вуглом.
Недафарбаваныя таксама ўнутраныя часткі дзвярэй і стойкі. Унутры дзвярэй праз фарбу праглядаецца грунт з невялікім напыленнем чорнай фарбы. Асабліва прыкметная недафарбоўка на пярэдняй стойцы.
Былі і менш сур’ёзныя заўвагі. Напрыклад, унутраная частка пярэдніх крылаў у месцах прымыкання да стойкі засталася неафарбаванай, але, як адзначыў эксперт, такое сустракаецца і ў іншых вытворцаў. Не спадабаўся яму і задні бампер: адлюстраванне ў некаторых месцах скажаецца, як у крывым люстэрку.
Адзін з каментатараў выказаў здагадку, што на відэа аўтамабіль ужо з беларускай афарбоўкай, бо X80 нядаўна пачалі збіраць у Беларусі.