СМІ: У Маскве падарвалі аўтамабіль былога прэс-сакратара Азарава
- 13.11.2026, 11:59
Заваратнага, які, нібыта, знаходзіцца ў цяжкім стане, даставілі ў бальніцу.
У Маскве раніцай у пятніцу, 13 лістапада, выбухнуў аўтамабіль Toyota Fortuner, у якім, верагодна, знаходзіўся прэс-сакратар былога прэм'ер-міністра Украіны Мікалая Азарава Сяргей Заваратны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расійскія СМІ.
Інцыдэнт адбыўся 13 лістапада на Кіраваградскай вуліцы каля жылога дома.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пад вадзіцельскім сядзеннем была закладзеная самаробная выбуховая прылада, якая спрацавала праз некалькі хвілін пасля выезду аўтамабіля з двара.
Выбуховай хваляй вадзіцеля выкінула на праезную частку.
Расійскія паблікі паведамляюць, што ў выніку ранішняга выбуху пацярпеў Сяргей Заваратны — расійскі публіцыст, былы супрацоўнік Дзярждумы РФ і экс-прэс-сакратар экс-прэм'ера Украіны Мікалая Азарава.
Паводле іхніх даных, мужчыну ў цяжкім стане шпіталізавалі. Прапагандыст Заваратны таксама з'яўляецца сааўтарам кнігі «Януковіч здаў. Дзярждэп прыняў. Як Расія страціла Украіну».