«Мы жывём, пакуль памятаем пра нашых герояў»: у Вільнюсе прайшла акцыя салідарнасці
- 13.11.2026, 15:35
Беларусы ўшанавалі памяць забітых удзельнікаў пратэстаў 2020 года
Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся вечарам 12 лістапада ля пасольства Беларусі, каб нагадаць пра суайчыннікаў, якія загінулі шэсць гадоў таму. Акцыя прайшла ў гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі.
Адзін з удзельнікаў пікету, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, расказаў тэлеграм-каналу «Баста», чаму важна нагадваць пра злачынствы рэжыму.
«Гэтую старонку нашай агульнай гісторыі нельга перавярнуць да таго часу, пакуль усе, датычныя да гэтага і іншых жудасных злачынстваў, не панясуць поўнай адказнасці, — сказаў ён. — Лукашэнка — не проста дыктатар, ён забойца. Ён і яго падручныя нясуць адказнасць за гвалт і кроў нашых суайчыннікаў, пралітую пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і ў наступны перыяд.
Мы жывём, пакуль памятаем пра нашых герояў. Мы не можам гэтага забываць, не можам дазволіць дыктатарам і іх прыспешнікам вярнуцца на «дыпламатычную арэну» або рабіць выгляд, што яны маюць хаця б нейкае права весці дыялог на роўных з лідарамі цывілізаваных дэмакратычных дзяржаў».


