14 лiстапада 2026, Субота, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна пачала наймаштабнейшую эканамічную аперацыю вайны

Украіна пачала наймаштабнейшую эканамічную аперацыю вайны

Яе мэта — пазбавіць Крэмль нафтавых даходаў.

Паводле даных АПЕК і МЭА, з кастрычніка мінулага года назіраецца ўстойлівае зніжэнне здабычы нафты ў Расіі. За 12 месяцаў яно склала 600 тысяч барэляў у суткі.

Аб гэтым у сваім блогу піша сістэмны аналітык Яўген Істрэбін:

— У кастрычніку гэтага года падзенне здабычы спынілася, паколькі цэны на нафту дасягнулі найвышэйшых значэнняў за апошнія некалькі гадоў. Акрамя таго, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп усімі спосабамі блакаваў удары Украіны.

Наша стратэгічная мэта — знішчыць здабычу нафты ў РФ. Гэта будзе найбольш надзейная гарантыя міру на многія гады, надзейнейшая за любыя мемарандумы і дамовы.

Паводле даных МЭА, у кастрычніку даходы Расіі ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў склалі 21,1 млрд долараў супраць 17,7 млрд у верасні. Не будзе даходаў ад экспарту — не будзе за што ваяваць. На любую вайну патрэбныя грошы, прычым велізарныя!

З 30 кастрычніка Украіна пачала наймацнейшую і насычаную хвалю удараў па ўсім ланцугу: НПЗ, лінейных вытворча-дыспетчарскіх станцыях і партах. Біць трэба па ўсіх звёнах, бо вывад з ладу НПЗ прывядзе да росту экспарту сырой нафты. І наадварот, удары па партах павялічаць нафтаперапрацоўку і запаўненне сховішчаў. Нам жа стратэгічна неабходна знішчыць усю нафтадабыўную прамысловасць і, галоўнае, яе пачатковае звяно — здабычу.

З улікам геалагічных асаблівасцяў Расіі там не змогуць аднавіць здабычу, калі хаця б на пару месяцаў спыняць працу свідравін.

Зараз мы праводзім наймаштабнейшую эканамічную аперацыю за ўвесь час вайны. Яе мэта — канчаткова пазбавіць Расію экспартных даходаў, неабходных для вядзення захопніцкіх, агрэсіўных войнаў. Я кажу гэта абсалютна сур'ёзна. Гэта наймаштабнейшая аперацыя.

Вось пералік апошніх дзеянняў:

30 кастрычніка паражаны Новакуйбышаўскі НПЗ, які займае 17-е месца ў Расіі паводле аб’ёмаў перапрацоўкі.

31 кастрычніка — НПЗ «Башнефть-Новойл», які займае 12–15-е месца ў расійскім рэйтынгу.

1 лістапада — Кстоўскі НПЗ, чацвёрты паводле аб’ёмаў перапрацоўкі ў Расіі.

2 лістапада пад атакай апынуўся ключавы аб’ект магістральнай сістэмы транспартавання нафты і нафтапрадуктаў — ЛПДС у Самары.

3 лістапада Украіна нанесла ўдар па Яраслаўскім НПЗ, які займае пятае месца па магутнасці ў Расіі.

5 лістапада — Рязанскі НПЗ, які займае трэцяе месца па аб’ёмах перапрацоўкі ў Расіі.

6 лістапада — Афіпскі НПЗ, які займае 12–15-е месца.

7 лістапада — Саратаўскі НПЗ, які займае 11–13-е месца.

9 лістапада пад удар трапіў Кірышскі НПЗ — другі паводле аб’ёмаў перапрацоўкі ў Расіі.

11 лістапада быў атакаваны порт Усць-Луга — найважнейшы расійскі порт на Балтыцы, які выкарыстоўваецца для экспарту нафты і энергарэсурсаў. У той жа дзень пад удар трапіў Омскі НПЗ — найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Расіі.

12 лістапада мэтай стаў Валгаградскі НПЗ, які займае сёмае месца.

13 лістапада паўторна была атакаваная ЛПДС у Самары.

Тое, што адбываецца за апошнія 15 дзён, — настолькі маштабная і тэктанічная аперацыя, што яе потым будуць вывучаць па падручніках. Дай Бог, каб яе давялі да канца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲