Пад Лідай больш за тры гады прадаюць лікёра-гарэлачны завод
- 16.11.2026, 11:37
З мінулага разу кошт знізіўся на $2 млн.
У аграгарадку Мажэйкава на таргі зноў выставілі дзяржаўны лікёра-гарэлачны завод. Як вынікае з аб'явы на пляцоўцы «Белюробеспечение», кошт лота знізіўся з 30 млн да 24 млн рублёў.
Завод пабудавалі яшчэ за часы Савецкага Саюза. На ім выраблялі гарэлку, лікёры і брэндзі. У 2010 годзе там праводзілі рэканструкцыю. Завод належыць сельгаспрадпрыемству «Мажэйкава», якое ў 2019-м прызналі неплацежаздольным, яно знаходзілася ў санацыі.
Лот уключае 14 будынкаў, сярод якіх цэх лікёра-гарэлачных вырабаў, спіртасховішча, склад гатовай прадукцыі, міні-ЦЭЦ і г. д. Таксама будучаму ўладальніку прапануюць у арэнду на 50 гадоў зямлю.
Першапачаткова летам 2023 года прадпрыемства хацелі прадаць за 20,3 млн рублёў, але да восені 2024-га кошт вырас да 30 млн. Затым на працягу двух гадоў кошт аб'екта на таргах то павышаўся, то зніжаўся. На мінімуме завод спрабавалі прадаць за 12 млн рублёў.
У 2025-м было дзве такія спробы. Папярэдні раз яго выставілі на продаж у пачатку кастрычніка 2026 года зноў за 30 млн. Але пакупнікоў не знайшлося. Наступныя таргі прызначаныя на 1 снежня, цяпер кошт знізілі на 6 млн рублёў, або $2 млн.