У Крэмлі прызналі, што ЗСУ нанеслі ўдар па Крымскім мосце
1- 16.11.2026, 13:54
Аб'ект зачынены на рамонт.
Прэс-сакратар расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў адрэагаваў на ўдар па Крымскім мосце у панядзелак, 16 лістапада. Паводле яго слоў, цяпер ацэньваюцца «незначныя пашкоджанні» пасля «атакі Узброеных Сіл Украіны», перадае прапагандысцкае агенцтва РІА «Новости».
Пяскоў дадаў, што «праца над мостам працягваецца», а інфармацыю пазней прадаставіць Мінтранс. Акрамя таго, прадстаўнік Крэмля паскардзіўся, што ніводная сістэма ў свеце не можа на 100% абараніць ад такіх масіраваных удараў.
У ноч на 16 лістапада ў акупаванай Керчы чулі пралёт дронаў, выбухі і стральбу мабільных агнявых груп. Удар па арцы моста быў нанесены каля 6:40 раніцы па Мінску.
Віцэ-прэм’ер краіны-агрэсара Марат Хуснуллін фактычна прызнаў пашкоджанні моста, заявіўшы, што тэрміны яго аднаўлення вызначаць «у найбліжэйшы час».
Маніторынгавы канал «Крымскі вецер» паведамляў, што Керчанскі мост перакрылі прыкладна ў 03:22 па Мінску. Мясцовыя жыхары пісалі пра верагоднае траплянне каля 07:00 раніцы па Мінску.
Пазней пастаўлены Масквой гауляйтэр акупаванага Крыму Сяргей Аксёнаў пацвердзіў атаку і папярэдзіў, што рух па мосце перакрыты «арыенціровачна да сярэдзіны дня». Па яго словах, у Керчы разгарнулі «аператыўны штаб», наступствы ўдару ліквідуюць.