19 лiстапада 2026, Чацвер, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы плануюць падоўжыць спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента замежніка

У Польшчы плануюць падоўжыць спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента замежніка
Фота: Belsat

Да 30 чэрвеня 2027 года.

Польшча мае намер падоўжыць да 30 чэрвеня 2027 года спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента замежніка. Праект адпаведнай пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ўключаны ў базу ўрадавага цэнтра заканадаўства, зазначае Most.

Праязны дакумент замежніка — гэта часовая замена пасведчання асобы, якая выдаецца замежнікам, калі іх пашпарт страчаны або несапраўдны, а атрымаць новы няма магчымасці.

Згодна з інфармацыяй, прыведзенай у абгрунтаванні да праекта, з пачатку 2026 года і да 9 кастрычніка грамадзяне Беларусі падалі 6338 заяў на польскі праязны дакумент замежніка. Гэта больш, чым за ўвесь 2025 год (6221) і 2024‑й (3892). Пастаянны рост звязаны з тым, што дакумент выдаецца ўсяго на год. То бок у 2026 годзе падавалі заявы як тыя, у каго скончыўся папярэдні праязны дакумент замежніка, так і тыя, хто звярнуўся ўпершыню пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

Пры гэтым з пачатку года і да 9 кастрычніка беларусы атрымалі 5819 польскіх праязных дакументаў замежніка — у параўнанні з 5689 за ўвесь 2025 год і 3328 — за 2024‑й.

Льготны рэжым атрымання праязнога дакумента замежніка для беларусаў дзейнічае з 2023 года часова, аднак яго працягваюць кожныя паўгода.

Ад агульнага парадку спрошчаны адрозніваецца тым, што:

- праязны дакумент могуць атрымаць беларусы, якія ніколі раней не мелі праязнога дакумента (у тым ліку пашпарта); гэта датычыцца найперш дзяцей;

- беларусам не трэба даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;

- для падачы заявы падыходзяць не толькі пастаянны від на жыхарства, картка доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, гуманітарны від на жыхарства або статус дадатковай абароны, але і часовы від на жыхарства (незалежна ад мэты выдачы).

Акрамя таго, грамадзяне Беларусі бестэрмінова вызваленыя ад аплаты збору за выдачу дакумента.

Цяпер плануецца павялічыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента замежніка з аднаго да двух гадоў. Аднак гэта мяркуецца зрабіць толькі тады, калі дакумент стане біяметрычным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲