Стала вядома, што Тацяна Кім больш не генеральная дырэктарка Wildberries
- 21.11.2026, 16:10
Раней ЕС увёў супраць яе санкцыі.
Тацяна Кім пакінула пасаду генеральнай дырэктаркі расійскага маркетплэйса Wildberries. Пасаду заняў топ-менеджар кампаніі Аляксей Кулікоў, паведамілі расійскія СМІ.
Паведамляецца, што Тацяна Кім пакінула пасаду 18 лістапада, пра гэта стала вядома толькі цяпер.Заснавальнікаў цяпер трое, звесткі пра іх схаваныя. Кампанія пакуль не каментавала перастаноўкі.
Нагадаем, што 16 лістапада ЕС дадаў у санкцыйны спіс заснавальніцу Wildberries Тацяну Кім. У абгрунтаванні гаворыцца, што маркетплэйс з'яўляецца адным з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у РФ і «працуе як сетка забеспячэння расійскіх узброеных сілаў, садзейнічаючы продажу тавараў ваеннага і падвойнага прызначэння».
Пры гэтым у жніўні Тацяна Кім у пяты раз узначаліла рэйтынг самых багатых жанчын Расіі паводле версіі Forbes. Яе стан выданне ацаніла ў 5 млрд долараў.