22 лiстапада 2026, Нядзеля, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Claude даказаў гіпотэзу Рымана, над якой матэматыкі змагаліся 167 гадоў

Claude даказаў гіпотэзу Рымана, над якой матэматыкі змагаліся 167 гадоў

Пісьмовая версія доказу перавысіла 250 тысяч старонак.

Задача, якую матэматыкі не маглі вырашыць 167 гадоў і за якую абяцаюць 1 млн долараў, магчыма, аказалася па сілах ШІ. Матэматык з Anthropic Левент Альпоге заявіў, што разам з Claude даказаў гіпотэзу Рымана. Якую менавіта версію мадэлі ён выкарыстоўваў, не ўдакладняецца. Раней кампанія Anthropic прыцягвала да матэматычных адкрыццяў невыпушчаныя даследчыя версіі, у якіх сумесна працуюць дзясяткі ШІ-агентаў. Звычайным карыстальнікам яны недаступныя, піша itc.ua.

Што такое гіпотэза Рымана

Простыя лікі (2, 3, 5, 7, 11…) — гэта «атамы» арыфметыкі, але, на першы погляд, яны з'яўляюцца хаатычна. У 1859 годзе Бернхард Рыман выказаў здагадку, што іх размеркаванне звязана з нулямі так званай дзета-функцыі, і ўсе істотныя нулі ляжаць на адной вертыкальнай лініі. Камп'ютары праверылі ўжо больш за 10 трлн такіх нулёў — і ўсе яны адпавядаюць прагнозу. Але ніякая колькасць прыкладаў не даказвае, што так будзе для бясконцага мноства лікаў. Таму гіпотэза ўваходзіць у лік сямі «Задач тысячагоддзя» Інстытута Клея.

Многія тэарэмы ў матэматыцы пачынаюцца са слоў «прыміем, што гіпотэза Рымана праўдзівая». Калі доказы пацвердзяцца, усе гэтыя вынікі атрымаюць трывалую аснову.

Як Клод дапамог

«Я лічу, што, працуючы з Клодам, адкрыў доказ гіпотэзы Рымана», — напісаў Альпоге ў сваёй чатырохстаронкавай заяве.

Паводле яго слоў, метад распаўсюджваецца і на абагульненую гіпотэзу Рымана. Ключавыя прарывы адбыліся ў сярэдзіне лістапада, а 16 лістапада ўдалося атрымаць абагульнены вынік.

Альпоге кажа, што кіраваў даследаваннем, але на фінішы Клод «значна аперадзіў» яго. З-за супадзення з выхадам Anthropic на біржу матэматык прызнаў, што «таймінг жахлівы», але цынічнае тлумачэнне назваў памылковым.

Чаму матэматыкі не спяшаюцца радавацца

Пісьмовая версія доказу, створаная з дапамогай камп'ютара, перавысіла 250 000 старонак. Таму Альпоге апублікаваў яе толькі ў выглядзе коду для сістэмы праверкі доказаў Lean — 17 млн радкоў у 14 архівах.

«Давайце спачатку паглядзім, ці кампіліруецца ён», — сказаў Кевін Баззард з Імперскага каледжа Лондана.

Томас Блум з Універсітэта Манчэстэра назваў гэта, «калі гэта праўда», найвялікшым дасягненнем ШІ, але заклікаў да скепсісу: ШІ мог скарыстацца схаванай памылкай у кодзе.

То-бок пакуль гэта толькі заява, а не прызнаны вынік: паводле правілаў Інстытута Клея прэмію разглядаюць не раней чым праз два гады пасля публікацыі. У той жа дзень матэматык Алессандро Масулло прадставіў уласны доказ абагульненай версіі без ШІ — аб'ёмам 940 старонак, які пакуль таксама не правераны. У кастрычніку OpenAI ужо апублікавала доказ больш слабой версіі гіпотэзы, атрыманы з дапамогай ШІ.

Ітак, ШІ, які ўжо масава знаходзіць уразлівасці, а ў асобе Gemini абверг 59-гадовую гіпотэзу аб тэрмаядзерным сінтэзе, цяпер прэтэндуе на званне аўтара найвялікшага адкрыцця ў матэматыцы. Аляксей Скаробагатаў з Імперскага каледжа параўнаў гэта з вынаходствам ядзернай бомбы.

«Тое, што год таму здавалася немагчымым, стала рэальнасцю», — кажа Райнер Дытманн, баючыся, што людзям будзе ўсё цяжэй хоць бы разумець такія доказы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲