Машыніст расказаў, як выратаваў 14 дзяцей за паўсекунды да трагедыі
- 23.11.2026, 11:24
Школьны аўтобус выехаў проста перад грузавым цягніком.
Машыніст лакаматыўнага дэпо Ліды Уладзіслаў Кашын расказаў 1prof.by, як у верасні прадухіліў трагедыю ў Ляхавіцкім раёне, дзе аўтобус з 14 дзецьмі выехаў на чыгуначны пераезд перад грузавым цягніком.

– Гэта быў звычайны рэйс Ліда–Лунінец. Ужо пакінулі ззаду Русіна і Ляхавічы — усё ішло ў штатным рэжыме, — успамінае Уладзіслаў. — Пад'язджаючы да аднаго з пераездаў, убачыў жоўты школьны аўтобус.
Машына ўжо павінна была скідаць хуткасць, але чамусьці працягвала рухацца. Падаў гукавы сігнал — ніякай рэакцыі. Адлегласць усё больш скарачалася, і я зразумеў, што кіроўца, відаць, спадзяецца праскачыць і тармазіць не збіраецца. Калі нічога не зрабіць, аўтобус апынецца пад лакаматывам.
Часу ўжо не заставалася — трэба было тэрмінова прымаць рашэнне. Спыніць цягнік стандартным спосабам машыніст ужо не паспеў бы, таму скарыстаўся кранам экстранага тармажэння. Ён прызнаецца, што за пяць гадоў працы ў прафесіі да такой меры давялося звярнуцца ўпершыню. Так, ён і раней бачыў, як, парушаючы правілы, пераезд перасякаюць аўтамабілі або перабягаюць людзі, але адлегласць была значна большай.
Састаў спыніўся прыкладна ў 150 метрах за пераездам. Пазней па формуле вылічылі: з аўтобусам разышліся ўсяго на паўсекунды — секунду, лакаматыў праехаў па яго цені, — тлумачыць Уладзіслаў. — У тым месцы ўздым, таму ішлі са хуткасцю 43 км/г. Пашанцавала і з тым, што адправіліся на загрузку і вагоны былі парожнія, — загружаны цягнік спыніць яшчэ складаней.
Мы з памочнікам перажылі велізарны стрэс, але тое, што ўдалося пазбегнуць трагедыі, прыносіла палёгку. Кіроўца не змог толкам патлумачыць, чаму так учыніў. Адзіным адказам было: «Не заўважыў»…
Машыністу прысвоілі найвышэйшую ўзнагароду — нагрудны знак «Пачэсны чыгуначнік».