У Беларусь ідзе сапраўдная зіма
- 24.11.2026, 16:10
Маразы да -16°C.
Сняг і галалёдзіца ўжо прыйшлі ў Беларусь, а наперадзе краіну чакае новае пахаладанне. Паводле прагнозу Белгідрамета, у найбліжэйшыя дні захаваецца вільготнае і прахалоднае надвор’е, пасля чаго маразы ўзмоцняцца.
У найбліжэйшыя суткі тэмпература будзе вагацца ад -3 да +3°C. У многіх раёнах чакаюцца сняг і мокры сняг, на дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца.
Снежны покрыў ужо паспеў сфармавацца. Больш за ўсё снягу пакуль выпала ў Сянно — каля 5 см. У найбліжэйшы час ён можа крыху павялічыцца, аднак моцных снегападаў да канца лістапада сіноптыкі пакуль не чакаюць.
Да выхадных маразы ўзмоцняцца
У другой палове тыдня атмасферны ціск пачне расці, а ападкаў стане заўважна менш. Разам з гэтым прыйдзе больш халоднае паветра.
Да выхадных тэмпература ўначы месцамі можа апусціцца да -16°C. Таксама магчымыя туманы, а на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.