24 лiстапада 2026, aўторак, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці маглі вы ўявіць такую навіну 10 гадоў таму?

Ці маглі вы ўявіць такую навіну 10 гадоў таму?
Арцём Бідэнка

Украіна атрымала ўнікальны шанец.

Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што сем украінскіх марскіх дронаў патапілі каля лівійскага Бэнгазі карвэт «Меркурый», адзін з найноўшых караблёў Расіі. І сёння прэзідэнта ўжо крытыкуюць: маўляў, такія рэчы трэба рабіць ціха, няхай усе думаюць, што карвэт перавярнулі нябачныя пазазямныя сілы. І ў якасці прыкладу прыводзяць Ізраіль з яго сакрэтнымі аперацыямі.

Калі маўчанне не працуе: урок Асірака

Маўчанне часта мае сваю логіку, асабліва калі няма адкрытай вайны. Але сітуацыі бываюць вельмі розныя, і той жа Ізраіль далёка не заўсёды маўчыць пра свае аперацыі. У 1981 годзе яго самалёты таемна знішчылі іракскі ядзерны рэактар «Асірак». Савет Бяспекі ААН аднагалосна асудзіў атаку як «відавочнае парушэнне Статута ААН», а ЗША не толькі прагаласавалі за рэзалюцыю, але і прыпынілі пастаўкі Ізраілю новых F-16. Але на наступны дзень пасля ўдару ўрад Ізраіля выступіў са спецыяльнай заявай:

«Нашы пілоты поўнасцю выканалі задачу; рэактар знішчаны; усе нашы самалёты шчасна вярнуліся на базу. Урад лічыць сваім абавязкам растлумачыць адукаванай грамадскасці, чаму прыняў гэтае рашэнне».

У той жа дзень прадстаўнік Ізраіля пры ААН афіцыйна накіраваў гэты тэкст старшыні Савета Бяспекі.

Прызнанне ўдару як паведамленне пра сілу

На мой погляд, часта ёсць сэнс публічна браць на сябе адказнасць за гістарычныя падзеі, такія як знішчэнне карвэта за тысячу кіламетраў ад Украіны. ЗША робяць так пастаянна, бо прызнанне ўдару — гэта таксама свайго роду паведамленне пра ўласную сілу.

Свой апошні подзвіг Геракл здзейсніў там, дзе яго ніхто не бачыў, у падземным царстве, але Цэрбера потым паказаў цару Эўрысфею і толькі пасля гэтага адвёў назад да Аіда.

На вядомай старажытнагрэчаскай вазе спалоханы Эўрысфей хаваецца ад пса ў вялікім збане. Наша армія цяпер адна з мацнейшых на планеце, і калі яна дастае найноўшы расійскі карабель у Міжземным моры, гэта заяўка на вышэйшую лігу. І, адпаведна, з’яўляецца шанец на нечаканыя саюзы з тымі, каму расійская прысутнасць у Афрыцы і Міжземнамор’і перашкаджае не менш, чым нам.

Калі варта маўчаць, а калі гаварыць

Таму маўчаць варта тады, калі маўчанне нешта дае. А калі ўсе і так ведаюць, хто гэта зрабіў, лепш сказаць гэта самім і атрымаць з гэтага хаця б палітычную карысць.

ЗША, дарэчы, з цягам часу перагледзелі сваё асуджэнне Ізраіля: пасля вайны ў Пярсідскім заліве міністр абароны ЗША Дык Чэйні падзякаваў Ізраілю за смелы крок, а камандуючы ВПС Давід Іўры атрымаў ад яго ў падарунак спадарожнікавы здымак разбуранага рэактара.

Пакуль адказваў на каментары — убачыў навіну: Германія стане першай краінай, якой Украіна прадаставіць доступ да баявой лічбавай сістэмы DELTA. Германія зможа адаптаваць DELTA да патрэбаў уласнай арміі, удзельнічаць у распрацоўцы новых функцый і развіцці сістэмы. Ці маглі вы ўявіць такую навіну 10 гадоў таму?

Старшыня праўлення Інстытута інфармацыйнай бяспекі Арцём Бідэнка, «Фэйсбук»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲