Польшча і Вялікабрытанія створаць новую ракету для СПА
- 25.11.2026, 18:07
Варшава ўзмацняе абарону ад расійскіх ракет і дронаў.
Польшча і Вялікабрытанія на тле правакацый з боку Расіі, якія працягваюцца, падпісалі міжурадавае пагадненне аб сумеснай распрацоўцы новай зенітнай кіраванай ракеты сярэдняй далёкасці CAMM-MR (Common Anti-Air Modular Missile — Medium Range).
Пра гэта ў аўторак паведаміла Агенцтва ўзбраення пры Міністэрстве абароны Польшчы.
У ведамстве дамоўленасць назвалі першым міжнародным праектам сумеснага стварэння ракеты для сістэм СПА з удзелам абаронных прадпрыемстваў дзвюх краін. CAMM-MR — гэта перспектыўная распрацоўка, якая павінна стаць ключавым элементам шматузроўневай інтэграванай сістэмы СПА і ПРА Польшчы.
Чакаецца, што далёкасць палёту ракеты перавысіць 100 км і пашырыць магчымасці існуючага сямейства ракет CAMM (базавая версія мае далёкасць 25–45 км, а мадыфікацыя CAMM-ER — каля 80 км). Ракету, прызначаную для перахопу самалётаў, верталётаў, БПЛА і крылатых ракет, можна будзе ўсталёўваць як на наземныя комплексы СПА, так і на ваенныя караблі.
Вытворчасцю боепрыпасу зоймуцца дзяржаўная Польская група ўзбраенняў (PGZ) і еўрапейскі ракетны канцэрн MBDA. Пагадненне было падпісана праз некалькі дзён пасля таго, як на тэрыторыі Польшчы упалі тры расійскія крылатые ракеты Х-101, і Варшава склікала надзвычайнае пасяджэнне НАТА ў Бруселі.