Беларус з’ехаў на заробкі ў Расію і трапіў у «працоўны дом»
1- 26.11.2026, 9:59
Ён адтуль уцёк, але гісторыя паўтарылася.
Беларус з’ехаў на заробкі ў Расію і двойчы стаў ахвярай працоўнай эксплуатацыі. Яго гісторыю распавёў расійскі рух «Альтэрнатыва», які змагаецца з гандлем людзьмі і ўсімі формамі рабства.
Сяргей прыехаў у Маскву на заробкі па запрашэнні сябра. Але ў прызначаны дзень сябра на сустрэчу не прыйшоў і перастаў выходзіць на сувязь. Замест яго на вакзале да нашага суайчынніка падышлі вербоўшчыкі і прапанавалі іншы варыянт заробку — 1000 долараў за працу на складзе. Сяргей пагадзіўся.
Яго прывезлі ў вёску Сынкова Маскоўскай вобласці. На працу мужчыну вазілі на склад у горад Чэхаў. Сяргей расказаў «Альтэрнатыве», што гэты працоўны дом належыць прадстаўнікам народу ромаў, а ўсе яго пастаяльцы, каля 20 чалавек, — беларусы. Кагосьці вербуюць ужо ў Маскве, а кагосьці прывозяць з дому.
Па словах мужчыны, яго білі, яму пагражалі і запалохалі настолькі, што ён і цяпер сур’ёзна баіцца, што яго знойдуць у Беларусі і спаляць яго дом, піша «Альтэрнатыва». Праз месяц працы Сяргей зразумеў, што зарплаты не будзе, і ўцёк з месца працы.
Мужчына апынуўся на тым самым чыгуначным вакзале ў Маскве. Там яму сустрэлася дзяўчына, якую звалі Ала. Яна распавяла, што таксама родам з Гомеля, што землякоў не кідае, і паабяцала дапамагчы зарабіць на білет дадому. У выніку яго прывезлі ў іншы «працоўны дом». Сяргей не стаў чакаць і ўжо праз тры дні ўцёк уначы, пераадолеўшы агароджу і калючы дрот.
Некалькі дзён Сяргей жыў на вуліцы, начаваў у пад’ездах, пакуль на яго не звярнуў увагу прахожы. Мужчына паведаміў пра ўсё ў «Альтэрнатыву», пасля чаго дапамог Сяргею пасяліцца ў хостэле і падарыў тэлефон для сувязі. Валанцёры руху прывялі яго да ладу і адправілі дадому, дзе ўвесь гэты час яго чакала жонка.
Беларусы нярэдка становяцца ахвярамі працоўнай эксплуатацыі, калі едуць на заробкі ў Расію. У лістападзе 2024 года на падмаскоўным сметніку, адкуль уцёк жыхар Магілёва, знайшлі каля 60 беларусаў.
«Пры зносінах, як гэта часта бывае, людзі падзяліліся на два лагеры: тых, хто з усмешкай распавядаў, што рэгулярна сюды прыязджае зарабіць, і тых, хто прасіў дапамагчы з’ехаць, бо ў іх забралі дакументы, грошы не плацяць, а калі спрабуеш сыходзіць — пагражаюць», — пісала «Альтэрнатыва».