«За электраэнергію выставілі 100 000 долараў»
7- 27.11.2026, 13:24
- 7,728
Мінчанка паказала рахунак за святло.
Мінчанка Юлія паспрабавала аплаціць электрычнасць і выявіла ў банкаўскім дадатку суму амаль у 304 тысячы рублёў. Згодна з разлікамі, за месяц яна нібыта выдаткавала больш за мільён кілават-гадзін. Сваёй гісторыяй дзяўчына падзялілася ў Threads.
На апублікаваным скрыншоце відаць, што спажыванне электраэнергіі склала 1 000 573 кВт·г, а сума да аплаты — 303 874 рублі 2 капейкі.
«За электраэнергію выставілі 100 000 долараў. Што рабіць?» — напісала мінчанка.

Карыстальнікі выказалі меркаванне, што дзяўчына магла няправільна ўвесці паказанні лічыльніка. Аднак Юлія сцвярджае, што аплачвае электрычнасць ужо восем гадоў і раней з падобным не сутыкалася.
Па яе словах, у папярэднім месяцы паказанні складалі 9795 кВт·г, а аўтаматычна разлічанае бягучае значэнне — 10 205. Пры гэтым на самым лічыльніку раптам з’явіўся сямізначны лік.

«Ну, гэта, відавочна, нейкая памылка, лічыльнік, думаю, выйшаў са строю. Бо мы кожны месяц аплачваем», — мяркуе яна.
З падобнай праблемай сутыкнуліся і іншыя беларусы
У каментарах карыстальнікі пачалі распавядаць пра падобныя выпадкі. Адна з беларусак паказала рахунак за электраэнергію на 1005 рублёў 22 капейкі.

«Ого. І, блін, таксама ў «Альфа-Банку»… Я ўжо наткнулася яшчэ на пару людзей з такой праблемай. І па нейкім д’ябальскім супадзенні ўсе былі з «Альфа-Банкам»», — адрэагавала Юлія.
Адзін з каментатараў расказаў, што яму неяк выставілі 1500 рублёў за электраэнергію. Прычынай аказаўся лічыльнік, які няправільна перадаваў даныя, і прыбор урэшце давялося замяніць.
Іншыя карыстальнікі выказалі, што гэта можа быць часовы збой: у некаторых сума вярталася да нормы пасля паўторнага ўваходу ў дадатак або праз некалькі дзён.
Не абышлося і без жартаў.
«Вы там выпадкова алюмініевы завод не запусцілі?» — спытаў адзін з карыстальнікаў.
«Я так разумею, вы там АЭС запіталі ад сябе?» — дадаў іншы.
Пазней Юлія паведаміла, што звязалася з «Энергазбытам». Там ёй паабяцалі прыслаць майстра, але дакладную дату візіту не назвалі.
«Увогуле, патэлефанавала, сказалі, прышлюць майстра, але не сёння-завтра, а калі будзе час. На пытанне «Дык як плаціць?» сказалі плаціць па сярэднім, у нас гэта 200–250 кВт·г. Але, судзячы з іх спакою і дакладнай інструкцыі, я не першая, хто звярнуўся».