Хакеры сцерлі даныя воблачных кліентаў аднаго з найбуйнейшых хостынгаў рунэта
1- 3.11.2026, 23:17
Гаворка ідзе пра Beget.
Невядомыя хакеры ў ноч на 2 лістапада ўзламалі другога па колькасці даменаў у зоне .RU хостынг-правайдара Beget і, атрымаўшы доступ да кіравальнага контуру архітэктуры, запусцілі ў ім скрыпты абнулення. У выніку ўсе даныя воблачнай інфраструктуры былі страчаныя, прызналі ў кампаніі, дадаўшы, што з меркаванняў бяспекі не могуць цалкам раскрыць дэталі таго, што адбылося, перадае The Moscow Times.
У выніку ўзлому страчаныя дыскі VPS, сховішча S3 і кластары Kubernetes. Амаль 100 % сайтаў, якія размяшчаліся на віртуальным хостынгу, падлягаюць аднаўленню, але для гэтага спецыялістам давядзецца ўручную праверыць больш за 1000 сервераў на схаваныя ўразлівасці і шкоднасныя скрыпты. Для гэтага правайдару спатрэбіцца дадатковы час, таму ў Beget не называюць дакладных тэрмінаў поўнага аднаўлення працы і раяць кліентам з асцярожнасці змяніць усе паролі і ключы доступу.
Таксама кампанія поўнасцю або часткова аднавіла функцыянаванне паштовага сэрвісу, DNS і вылучаных сервераў і дамовілася з Каардынацыйным цэнтрам сеткі Інтэрнэт, каб дамены ў зонах .ru, .рф і .su, у якіх заканчваўся тэрмін дэлегавання, працягнулі працаваць.
Раней узлом Beget закрануў дзясяткі звязаных з правайдарам сайтаў і сервераў, уключаючы сістэму лічбавага маркіравання тавараў «Честный знак» і каршэрынг BelkaCar. Гэты інцыдэнт стаў першым падобным за 19‑гадовую гісторыю кампаніі.
Beget у 2018–2022 гадах перайшоў на воблачныя серверы і з цягам часу стаў другім па колькасці даменаў хостынг-правайдарам Рунэта. Таксама правайдар за час дзейнасці атрымаў рэгістрацыю для працы ў нацыянальных (.KZ, .ME, .WS, .TV і .TW) і міжнародных зонах (.COM, .ORG, .NET, .BIZ і .INFO). Па розных ацэнках, у 2026 годзе кампанія забяспечвала працу ад 400 да 700 тысяч сайтаў.
Пры гэтым з мінулага лета Beget знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. Падставамі сталі аказанне паслуг правайдарам на акупаваных тэрыторыях Украіны, яго супрацоўніцтва з Мінабароны РФ і іншымі асобамі, якія раней трапілі ў санкцыйныя спісы.