Жыхары Уладзівастока засталіся без ацяплення і гарачай вады на фоне халадоў
- 6.11.2026, 8:22
- 1,090
Сёння ў расійскім горадзе чакаецца каля нуля градусаў.
У сталіцы Прымор'я, горадзе Уладзівастоку, з-за пашкоджання камунальных сетак без ацяплення і гарачага водазабеспячэння засталіся больш за 21 тыс. жыхароў, паведамілі ў пракуратуры Прыморскага краю, піша The Moscow Times.
Адключэнне закранула 98 шматкватэрных дамоў і тры сацыяльныя аб’екты. У прыватнасці, ацяпленне адключылі ў дамах на Партызанскім і Акіянскім праспектах, вуліцах Савецкай, Алеуцкай і Нерчынскай, праспектах Астр’якова і Чырвонага Сцяга. Пры гэтым 6 лістапада ў Уладзівастоку чакаецца каля нуля градусаў.
«Прокуратура арганізавала праверку, у ходзе якой дасць ацэнку выкананню патрабаванняў заканадаўства пры ўтрыманні і абслугоўванні сетак, а таксама тэрмінам ліквідацыі аварыі», — адзначылі ў краёвай пракуратуры. У той жа час каля 1,5 тыс. чалавек засталіся без святла ў прыгарадах Уладзівастока ў выніку аварыйнага адключэння электразабеспячэння, паведамілі ў рэгіянальным упраўленні МНС. У ведамстве ўдакладнілі, што аварыя закранула 10 шматкватэрных і 393 прыватныя дамы, а таксама некалькі сацыяльных аб’ектаў. У верасні больш за 20 тыс. жыхароў Першарэчанскага раёна Уладзівастока сутыкнуліся з адключэннем электрычнасці з-за аварыі на сетках падстанцыі. Тады, па дадзеных МНС, святла не было ў 137 шматкватэрных дамах.
Раней у Мінбудзе РФ заявілі пра неабходнасць увесці надбаўкі да тарыфаў на цяпло, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, каб сабраць сродкі на рамонт старых труб. Адпаведную ініцыятыву ўрад разгледзіць да снежня. Пры гэтым у 2026 годзе тарыфы ЖКГ выраслі ў сярэднім на 17%, што стала рэкордным паказчыкам з 2009-га. Паводле прагнозу Мінэканомразвіцця, у наступныя тры гады сукупны плацёж за камунальныя паслугі павялічыцца яшчэ на 27,2%.
Да гэтага ўлады тлумачылі рэзкі рост тарыфаў ЖКГ тым, што знос камунальнай інфраструктуры дасягнуў крытычнага ўзроўню. Для рэалізацыі «інвестпраграм» мадэрнізацыі сетак па ўсёй краіне дзяржаве неабходна 4,5 трлн руб., казала намесніца кіраўніка камітэта Дзярждумы па будаўніцтве і ЖКГ Святлана Разваротнева.
Паводле афіцыйных даных Мінбуду РФ, знос камунальнай інфраструктуры ў Расіі складае ад 40 да 80% у залежнасці ад рэгіёна. Прынамсі 30% сетак патрабуюць тэрміновай замены (па стане на 2022 год).