6 лiстапада 2026, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прыехаў у «Гарадзец» хворы

5
Лукашэнка прыехаў у «Гарадзец» хворы

Якія вірусы цяпер ходзяць па Беларусі.

Лукашэнка наведаў «роднае» сельскагаспадарчае ЗАТ ЗАТ «АСБ-Агро Гарадзец» – былы саўгас «Гарадзец». Кадры яго візіту публікаваў ананімны тэлеграм-канал, які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, як заўважыў «Белсат».

Як відаць на відэа, Лукашэнка неаднаразова смаркаецца ў насоўку, шморгае носам. Часта церэ нос кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты. Хтосьці іншы на фоне гучна кашляе. Пры гэтым Лукашэнка і ягонае асяроддзе знаходзяцца ў натоўпе людзей як на вуліцы, так і ў памяшканнях.

Чым менавіта хварэюць Лукашэнка і набліжаныя да яго, невядома. Аднак з пачатку восені вірусолагі папярэджвалі беларусаў — у тым ліку ў дзяржаўных СМІ — пра цыркуляцыю адразу трох тыпаў вірусаў:

негрыпозных рэспіраторных вірусаў (парагрыпа, адэнавірусаў, рынавірусаў, РС-вірусаў, бокавірусаў, сезонных «старых» каранавірусаў, метапнеўмавірусаў);

вірусаў грыпу (чакаецца пераважна H1N1, актыўнасць H3N2 прагназуюць зніжаную);

каранавірус SARS-CoV-2 (які выклікае COVID-19).

Сітуацыя, як падкрэслівалі ў дзяржаўных СМІ, стабільная, кантраляваная і ўласцівая для гэтага перыяду. Пад’ём захворвальнасці на рэспіраторныя інфекцыі чакаецца ў канцы студзеня, пік — на пачатку лютага, магчыма новая хваля захворвальнасці на вірус грыпу B пад канец зімы або ў пачатку вясны. Але фактычны рост захворвальнасці адзначалі з верасня.

Прышчэпку супраць грыпу ў Беларусі можна зрабіць бясплатна — прапануюць расійскую вакцыну «Гриппол Плюс». Рабіць яе найперш раяць тым, хто ў групе рызыкі (дзецям ад 6 месяцаў да 3 гадоў, людзям з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытам, цяжарным жанчынам, медыцынскім работнікам, работнікам дзяржаўных органаў, а таксама людзям старэйшым за 65 гадоў). Праўда, у кастрычніку заклікалі не адкладаць вакцынацыю на лістапад–снежань. Але не забаранялі.

Прышчэпку супраць COVID-19 прапануюць таксама расійскую: «Конвасэл». Яе раяць рабіць дарослым з імунасупрэсіяй, работнікам устаноў з круглагадовым рэжымам знаходжання і людзям старэйшым за 60 гадоў.

Каб знізіць рызыкі заражэння і распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый, лекары раяць выконваць правілы гігіены і рэспіраторнага этыкету; часцей праветрываць памяшканні і праводзіць вільготную ўборку; прытрымлівацца здаровага ладу жыцця; паспрабаваць мінімізаваць наведванне месцаў масавага скупчэння людзей.

У пачатку пандэміі COVID-19 Лукашэнка не прытрымліваўся рэкамендацый лекараў і агучваў ілжывыя заявы пра вірус і сродкі абароны. Яго кавід-дысідэнцтва магло стаць адным з каталізатараў пратэстаў 2020 года: на плакатах некаторых пратэстоўцаў было бачна слова «псіхоз», якім Лукашэнка называў барацьбу з хваробай.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲