8 лiстапада 2026, Нядзеля, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія вайскоўцы раскрылі таямніцу аперацыі, якая сарвала планы Пуціна

Украінскія вайскоўцы раскрылі таямніцу аперацыі, якая сарвала планы Пуціна

Што адбывалася ўнутры аперацыі «Вівальдзі».

«Хлопцы, спачатку ваюем, а сваімі справамі зоймемся потым», — крычыць камандзір Юрый Гарабец, спрабуючы перакрычаць шум у падземным бункеры на ўсходзе Украіны. Перад ім — дзясяткі экранаў з трансляцыямі з пярэдняй лініі фронту. На адным з іх бачны невялікі FPV-дрон, які набліжаецца да расійскай пазіцыі. Так пачынаецца адзін з эпізодаў аперацыі «Вівальдзі», якая дазволіла ўкраінскім войскам вярнуць частку страчаных тэрыторый і сарваць планы Масквы па акружэнні ключавых гарадоў Данецкай вобласці, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).

Журналісты выдання правялі два тыдні разам з украінскімі падраздзяленнямі, што ўдзельнічалі ў аперацыі, і наведалі камандныя пункты і трэніровачныя пляцоўкі.

Яшчэ год таму 66-я механізаваная брыгада Гарабца губляла пазіцыі пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка. Расійская артылерыя абстрэльвала шляхі забеспячэння, з-за чаго ўкраінцы не маглі нармальна дастаўляць боепрыпасы і эвакуіраваць параненых.

Пералом настаў пасля захопу пануючых вышыняў і знішчэння расійскіх сродкаў сувязі. Украінскія дроны пачалі паражаць пазіцыі, аператараў беспілотнікаў і транспарт праціўніка. «Яны фактычна былі асляплены», — растлумачыў 25-гадовы камандзір батальёна Назар Кінаш.

У аперацыі пад кіраўніцтвам генерала Андрэя Білецкага упершыню ўдалося скаардынаваць дзеянні шасці брыгад. Рашэнні пачалі прымаць непасрэдна на перадавой, без доўгага ўзгаднення з вышэйстаячым камандаваннем.

Не менш важную ролю адыгралі наземныя робаты. Яны дастаўлялі на пазіцыі ежу, боепрыпасы, акумулятары і абсталяванне, а некаторыя выкарыстоўваліся для атак на расійскія ўмацаванні. На адной з запісаў журналістам паказалі робатызаваную машыну з выбухоўкай. «Гэта 20 кілаграмаў выбухоўкі», — патлумачыў аператар з пазыўным Макар.

У канцы візіту Гарабец зноў глядзеў на экран. Расійскі салдат асцярожна выходзіў з лясапаласы і спрабаваў схавацца ў высокай траве. «Гэта рускі. У нас яшчэ ёсць праца», — сказаў камандзір.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲