Расія змяніла дэлегацыю для перамоваў у Абу-Дабі
3- 8.11.2026, 13:40
- 1,434
Аналітыкі ISW патлумачылі замысел Крамля.
Расія абнавіла склад дэлегацыі, якая прыме ўдзел у трохбаковых перамовах з Украінай і ЗША ў Абу-Дабі. Гэты спіс удзельнікаў перамоваў можа многае сказаць пра планы Крамля на маючую адбыцца сустрэчу.
Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Цяпер з расійскага боку ў перамовах возьмуць удзел памочнік прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі, начальнік Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба адмірал Ігар Касцюкоў, памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў, а таксама намеснікі міністра замежных спраў Міхаіл Галузін і Сяргей Рябкоў.
Як нагадваюць аналітыкі, Касцюкоў узначальваў расійскую дэлегацыю на першых двух раундах трохбаковых перамоваў у Абу-Дабі ў канцы студзеня — пачатку лютага 2026 года, пасля чаго яго змяніў Мядзінскі, які ўзначальваў расійскую дэлегацыю на перамовах у Жэневе (Швейцарыя) у лютым.
Пры гэтым Мядзінскі тады зацягваў працэс перамоваў, абмяркоўваючы так званыя «гістарычныя карані» вайны.
Ушакоў — высокапастаўлены прадстаўнік Крамля, які рэгулярна каментуе ход перамоваў з Украінай і неаднаразова агучваў максімалісцкія патрабаванні Масквы: Украіна павінна пайсці на аднабаковыя саступкі, перш чым Расія пагодзіцца на хоць колькі-небудзь змястоўныя мірныя перамовы.
Галузін уваходзіў у склад расійскай дэлегацыі на перамовах у Стамбуле (Турцыя), а таксама ў Жэневе (у маі 2025 і ў лютым 2026); ён таксама неаднаразова адзначаў неабходнасць ухілення так званых «каранёвых прычын» вайны.
Рябкоў афіцыйна не ўдзельнічаў у мірных перамовах, аднак часта заяўляе, што Расія можа прыняць толькі тыя мірныя прапановы, якія адпавядаюць ваенным мэтам Пуціна і «рэаліям на месцах», і рэгулярна пацвярджае прыхільнасць Расіі пэўным дамоўленасцям з ЗША, нібыта дасягнутым па выніках саміту на Алясцы ў жніўні 2025 года.
Ён таксама ўдзельнічаў у прасоўванні крэмлёўскіх ультыматумаў да НАТА, накіраваных на ліквідацыю Альянсу ў яго цяперашнім выглядзе — пад выглядам прадастаўлення Расіі «гарантый бяспекі».
«Той факт, што ў склад дэлегацыі Крэмль уключае чыноўнікаў, якія раней ужо зацягвалі працэс перамоваў, чарговы раз сведчыць: Масква па-ранейшаму не зацікаўленая ў добрасумленных перамовах. Прысутнасць Рябкова прыкметна яшчэ і тым, што Крэмль можа выкарыстаць яго досвед працы з ультыматумамі 2021 года, каб паспрабаваць паўплываць на перамовы», — адзначаюць аналітыкі.
Трохбаковая сустрэча павінна прайсці ў Абу-Дабі 10–11 лістапада. Бакі маюць намер абмеркаваць спыненне вайны Расіі супраць Украіны. Гэта будуць першыя падобныя перамовы з лютага.