9 лiстапада 2026, панядзелак, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы раскрылі сакрэт неверагоднай гнуткасці васьміногаў

Навукоўцы раскрылі сакрэт неверагоднай гнуткасці васьміногаў

Яны здольныя пралазіць у адтуліны, якія значна меншыя за іх уласнае цела.

Васьміногі выкарыстоўваюць розныя спосабы, каб праціскацца праз адтуліны, якія значна вужэйшыя за іх цела. Адны спачатку прасоўваюць праз вузкі праход шчупальцы, а потым па частках працягваюць тулава. Іншыя нават не спрабуюць пралезці ў занадта цесную прастору. Такія адрозненні выявілі біёлагі, вывучыўшы паводзіны двух відаў васьміногаў, піша Popular Science (пераклад — сайт Charter97.org).

Даследчыкі пад кіраўніцтвам марской біёлагіні Вэньцы Сінь з Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура назіралі за майскімі васьміногамі (Octopus maya) і маладымі звычайнымі васьміногамі (Octopus vulgaris). Для эксперыменту вучоныя падрыхтавалі празрыстыя акварыумы, злучаныя адтулінамі рознага дыяметра.

«Няма звестак пра тое, як васьміногі праціскаюцца праз адтуліну, якая значна меншая за дыяметр іх цела», — патлумачыла Сінь, апісваючы прабел у навуковых ведах.

Пры праходжанні праз шырокую адтуліну васьміног спачатку даследаваў яе шчупальцамі, затым прасоўваў адну канечнасць, а за ёй яшчэ некалькі. Прысоскамі ён зачапляўся за сценкі акварыума і адштурхоўваўся, працягваючы астатнюю частку цела. У сярэднім увесь працэс займаў каля 20 секунд.

Перад вузкімі адтулінамі звычайныя васьміногі змянялі тактыку: спачатку ўцягвалі ўсе шчупальцы, а потым праціскалі мантыю і галаву.

Майскія васьміногі паводзілі сябе інакш: яны наогул не спрабавалі прайсці праз маленькія адтуліны, аддаючы перавагу больш шырокаму праходу.

Эксперымент паказаў, што гнуткасць васьміногаў не бязмежная. Памеры храстковага чарапнога каркаса, які абараняе нервовую сістэму, могуць вызначаць фізічныя межы іх здольнасці праціскацца ў цесныя прасторы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲