Пад Веткай ляснікі выратавалі казулю
8- 29.03.2026, 20:19
- 5,444
Яна адмовілася сыходзіць ад людзей пасля выратавання.
У Веткаўскім раёне выратаванае казулі з флікерам далі мянушку «Лешы», піша раённая газета «Голас Веткаўшчыны».
Паміраючую казулю галоўны паляўнічы Веткаўскай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Уладзімір Ахрэменка і егер Вадзім Кончыц знайшлі выпадкова. Яна была амаль не ў змозе нават проста падняць галаву і была крытычна знясіленая.
Паляўнічыя забралі казулю з сабой і пачалі даглядаць. Першым часам казуля нават не ела, проста ляжала, гледзячы ў адну кропку. Але потым паступова пачала есці буракі, моркву, бульбу, сена. За месяц жывёла набрала пару кіло і ажыла.

— За абыякавы, «патойсветны» позірк, які бывае толькі ў жывёл, што стаяць на мяжы, казулю празвалі Лешым, — распавялі журналістам.
За месяц Лешы стаў паўнапраўным членам міні-заапарка паляўнічай гаспадаркі ў вёсцы, але на пачатку сакавіка яго вырашылі выпусціць у дзікую прыроду. Казулю вывезлі да ўзлеску і выпусцілі з пераносцы. Яна выскачыла, азірнулася на людзей і знікла ў падлеску.
Але ўжо праз пару дзён Лешы… вярнуўся да хаты свайго выратавальніка. Аднак егеры цяпер вырашылі яшчэ вылучыць «прыёмыша» сярод іншых лясных насельнікаў, казулі павязалі на шыю флікер. Цяпер яна то сыходзіць у лес, то зноў вяртаецца да людзей.
