25 красавiка 2026, Субота, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прызнаўся і хаваецца

12
Лукашэнка прызнаўся і хаваецца

Дыктатар выдаў на публіку сакрэт Палішынэля.

Семінар для чыноўнікаў на базе «Мазыртэхсэрвісу» Лукашэнка ператварыў у ўжо звыклую накачку: «Вельмі павольна разварочваемся, нам трэба паскарацца». І ўсё б нічога, але спяшаецца ён назад у мінулае, спрабуючы зацягнуць туды ўсю краіну.

«Мужыкі, трэба хутка зрабіць тое, што мы ўмеем рабіць. Нашы дзеці гэтага не зробяць. Яны добрыя, у інтэрнэце разбіраюцца і іншае. Яны разумныя і разумнейшыя за нас па асобных напрамках. Але без жраціва і адзення нічога не будзе ні ў іх, ні ў каго».

Гэтаю тырадай кіраўнік, што ўжо больш за трыццаць гадоў ля стырна, чарговы раз пнуў маладое пакаленне, проста-такі западазрыўшы яго ў няздольнасці забяспечыць базавыя патрэбы.

Пры гэтым выявіў сябе як чалавека, які ўсімі сіламі спрабуе схавацца ад прыгнятальнай будучыні ў зразумелым яму мінулым: «Ужо няма тых людзей, тых сівавалосых старых. Яны, можа, дзесьці і ёсць. Іх трэба прасіць, каб яны прыйшлі, дапамаглі, параілі, падтрымалі слесараў-рамонтнікаў. Важна цяпер гэта падхапіць, каб старыя навучылі моладзь, каб гэта перадаць».

Ці не сябе ён бачыць тым самым, умудраным вопытам, сівавалосым старцам? І калі так, то досвед, які ён гатовы перадаць, маладому пакаленню не толькі не дапаможа, але і нашкодзіць на дзесяцігоддзі наперад.

І пра гэта Лукашэнка шчыра прызнаўся на ўласным семінары. Паводле яго ж слоў, якую сферу ні вазьмі, няма ні парадку, ні дысцыпліны.

«Выратаваная» ім прамысловасць выпускае такую тэхніку, што прасцей кінуць пад плот. А калі пашанцуе, то з двух-трох трактароў можна сабраць адзін — «лепшы, чым новы». Дагэтуль (не хапіла і трох дзесяткаў гадоў) не вырашана пытанне з гарантыйным абслугоўваннем сельгастэхнікі. І гэта пры штогадовых уліваннях з бюджэту ў МТЗ, МАЗ і іншыя накшталт «Гомсельмаша».

Дзяржава траціць на стратныя калгасы мільярды, а злодзейскія кіраўнікі ўсё не навучацца захоўваць угнаенні, колькі іх ні палохай словамі пра «адной нагой у турме».

Краіна з года ў год жыве пражэктамі сівавалосага кіраўніка, якія часта становяцца крыніцай распілу народных грошай.

І ў гэтым ён таксама прызнаўся, кажучы пра чарговага белага слана ўлады «Адзін раён — адзін праект». Маўляў, пры выбары праектаў для рэалізацыі «шмат хто разлічваў на вялікія аб’ёмы фінансавання».

Тым самым ён выдаў на публіку сакрэт Палішынэля.

Але, падаецца, прысарэлы вождзь і сам усведамляе бессэнсоўнасць бегу супраць часу, хоць і стараецца не падаваць выгляду:

«Мы — дасведчаныя людзі, і нам трэба за гэты перыяд, які нам тут адпушчаны, стварыць краіну, якую мы ім [дзецям] перададзім. І мы павінны па ўсіх напрамках штосьці зрабіць. Інакш усё гэта прападзе».

Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках