Reuters: Расіяне з «Афрыканскага корпуса» трапілі пад удары ў Малі
- 26.04.2026, 8:51
- 2,468
Паўстанцы захапілі некалькі гарадоў і абстралялі аэрапорт у сталіцы.
У Малі адбылася маштабная скаардынаваная атака баевікоў «Аль-Каіды» і паўстанцаў-туарэгаў на вайсковыя базы. Захоплены горад Кідаль і атакаваны аэрапорт Бамако.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Адказнасць за напады ўзяла на сябе арганізацыя «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (JNIM). Яны заявілі пра ўдары па аэрапорце сталіцы і гарадах на поўначы — Мопці, Севарэ і Гао.
Зараз горад Кідаль абвешчаны «захопленым» у выніку сумеснай аперацыі JNIM і Фронту вызвалення Азавада (FLA). Паўстанцы-туарэгі заявілі пра кантроль над пазіцыямі ў Гао, а ў горадзе Каці выбухамі разбураны дом міністра абароны Малі. Замежныя пасольствы, у прыватнасці ЗША і Вялікабрытаніі, заклікалі грамадзян неадкладна знайсці сховішча.
Што вядома пра баі ў Малі
Першыя выбухі прагрымелі каля 6 раніцы паблізу галоўнай вайсковай базы ў Каці. Страляніна там не сціхала больш за чатыры гадзіны. Кіраўнік праграмы «Сахель» у нямецкім фондзе Канрада Адэнаўэра Ульф Лэсінг пракаментаваў агенцтву сітуацыю:
«Гэта падобна на самую буйную скаардынаваную атаку за апошнія гады».
Аналітыкі адзначаюць, што выбар мэтаў быў хірургічна дакладным. Каці і Бамако — гэта палітычнае сэрца краіны. А горад Кідаль быў сімвалам перамогі арміі ў 2023 годзе.
Ваеннае камандаванне Малі спрабуе супакоіць насельніцтва і заяўляе пра «сотні знішчаных нападнікаў». У сталіцы і залатаносных рэгіёнах пачалася маштабная зачыстка.
Па стане на абед суботы армія заявіла, што сітуацыя пад кантролем. Аднак жыхары Гао паведамлялі пра магутныя выбухі ўжо пасля гэтай заявы. У горадзе ўведзены начны каменданцкі час.
Правал абяцанняў хунты і расійскія найміты
Reuters адзначае, што цяперашні ўрад на чале з Асімі Гаітай прыйшоў да ўлады праз перавароты, абяцаючы мір. Але сітуацыя з бяспекай толькі пагаршаецца, што і выклікае супраціў. Для падтрымкі рэжыму хунта прыцягнула расійскіх наймітаў з так званага «Афрыканскага корпуса».
Гэтых наймітаў абвінавачваюць у шматлікіх злачынствах супраць мірнага насельніцтва. «Афрыканскі корпус» выкарыстоўвае тактыку, падобную да той, што прымяняў «Вагнер», — знішчэнне населеных пунктаў, забойствы мірных жыхароў, насаджэнне страху.
Цікава, што баевікі JNIM сцвярджаюць, што не атакоўвалі расійскіх наймітаў рэжыму. Групоўка нібыта хоча пабудаваць «збалансаваныя і эфектыўныя будучыя адносіны».
У той жа час мясцовыя СМІ паведамляюць, што баявыя дзеянні вяліся не толькі супраць афіцыйнай арміі, але і супраць расійскіх наймітаў.