26 красавiка 2026, Нядзеля, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння — 40-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы

5
Сёння — 40-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы

Найбольш маштабны «Чарнобыльскі шлях» прайшоў у Мінску ў 1996 годзе.

26 красавіка 1986 года выбухнуў чацвёрты блок Чарнобыльскага рэактара. У выніку аварыі ў атмасферу трапіла радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма.

Нягледзячы на тое, што станцыя знаходзіцца ва Украіне, больш за 70% усіх радыянуклідаў, што выпалі ў выніку аварыі, аселі на тэрыторыі Беларусі. Гэта катастрофа стала адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва, якая прывяла да велізарных наступстваў для навакольнага асяроддзя, здароўя людзей і грамадскай бяспекі.

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 млн жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства.

Раней гэты дзень быў значным для многіх людзей. Штогод да гадавіны рыхтаваліся публікацыі і мерапрыемствы. Праходзіў «Чарнобыльскі шлях», які не даваў забыць пра трагедыю і дапамагаў актуалізаваць новыя праблемы і палітычныя выклікі. Пры гэтым беларускія ўлады ўпарта ігнаруюць маштаб экалагічнай праблемы, працягваючы савецкую традыцыю замоўчвання інфармацыі пра наступствы аварыі на ЧАЭС.

Упершыню шэсце, прыурачанае да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбылося 26 красавіка 1989 года. Спачатку яно праводзілася як апазіцыйнае да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра падзеі, і было ўшанаваннем памяці пацярпелых.

«Чарнобыльскі шлях» 1996 года, прыурачаны да 10-годдзя аварыі, стаў самым буйным за ўсю гісторыю. У акцыі ўзялі ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Яна стала найбольш напружанай кропкай «Мінскай вясны-96» — шэрагу вулічных акцый, што праходзілі той вясной у сувязі з супрацівам інтэграцыі з Расіяй.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках