Еўрасаюз забараніў аперацыі з беларускімі крыптаактывамі
- 26.04.2026, 15:51
- 1,122
Абмежаванні ўведзеныя новым пакетам санкцый.
Еўрасаюз 23 красавіка зацвердзіў новы пакет санкцый, у якім, між іншым, забараніў аперацыі з любымі крыптаарганізацыямі і крыптаактывамі беларускага паходжання, паведамляе «Белсат».
Аўтары пакета санкцый лічаць, што беларускі рэжым мае намер «уважліва кантраляваць дзейнасць пастаўшчыкоў паслуг, звязаных з крыптаактывамі, якія працуюць у гэтай краіне», з-за гэтага ўзнікаюць «рызыкі выкарыстання крыптаактываў рэжымам для абыходу абмежавальных мер Саюза».
«З мэтай гарантаваць, што крыптаактывы не будуць служыць каналам для абыходу абмежавальных мер Саюза, рашэнне (CFSP) 2026/512 забараняе аперацыі з любымі пастаўшчыкамі паслуг, звязанымі з крыптаактывамі, створанымі ў Беларусі, або з любымі дэцэнтралізаванымі платформамі, створанымі ў Беларусі, якія дазваляюць абменьвацца або перадаваць крыптаактывы», – напісана ў рашэнні ЕС.
Пры гэтым лічбавы рубель у Беларусі яшчэ не ўвялі: з 1 ліпеня 2026 года ў Беларусі стартуе тэставая эксплуатацыя платформы лічбавага рубля, спачатку — толькі для разлікаў юрыдычных асоб з кантрагентамі. Пасля гэтага на базе платформы плануецца стварэнне першага беларускага крыптабанка.