28 красавiка 2026, aўторак, 23:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўка-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўка-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм
Фота: AP

Для правядзення гэтага форума ўпершыню згуртаваліся дзве пратэстанцкія канфесіі.

Беларускім пратэстантам дазволілі правесці беспрэцэдэнтны евангелізацыйны фестываль у «Чыжоўка-Арэне». Па інфармацыі «Нашай Нівы», на яго могуць прыехаць Джон Коул і ягоная жонка Грэта ван Састэрэн. Ці выйдзе з гэтай нагоды на свабоду яшчэ група вязняў сумлення?

16–17 мая беларускія пратэстанты збяруцца ў Мінску на «фестываль надзеі». Для правядзення гэтага форума ўпершыню згуртаваліся дзве пратэстанцкія канфесіі: хрысціяне веры евангельскай і баптысты. Улады дазволілі ім арэндаваць «Чыжоўка-Арэну». А галоўным госцем будзе Франклін Грэм — вядомы баптысцкі прапаведнік з ЗША і сын культавага прапаведніка Білі Грэма.

Франклін Грэм узначальвае дабрачынны фонд Samaritan's Purse. Ён — уплывовы ў ЗША прапаведнік: не раз сустракаўся і з прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Падзея будзе такой вялікай, што адзін толькі хор, які будзе спяваць на сабранні, будзе налічваць 1300 чалавек.

Рэпетыцыі выступлення ўжо ідуць, у хоры будуць спяваць беларусы з 42 гарадоў і вёсак.

Акрамя хору, абяцаюць розных музыкаў, у тым ліку з ЗША.

28 красавіка быў вызвалены знакавы палітвязень Андрэй Пачобут. Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коул у гэты дзень знаходзіўся ў сталіцы Польшчы Варшаве. На прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім ён паведаміў, што «праз дзве-тры тыдні» зноў паедзе ў Беларусь.

Хутчэй за ўсё, новы прыезд Джона Коула ў Мінск будзе прымеркаваны менавіта да вялікага пратэстанцкага форума.

А пры чым тут Коул? Справа ў тым, што ягоная жонка Грэта ван Састэрэн даўно супрацоўнічае з фондам Samaritan's Purse і асвятляе яго працу як журналістка. Франклін Грэм не толькі з ёй знаёмы, ён яшчэ і ведае пра працу Джона Коула па вызваленні беларускіх палітвязняў: Грэм рэпасціў відэа, дзе Грэта абвяшчае пра адно з чарговых масавых вызваленняў палітвязняў.

Грэм называе Коула сваім сябрам. Ёсць фота Коула разам з жонкай і Грэмам на Алясцы.

У снежні Франклін Грэм, рэпасціўшы артыкул пра перамовы Коула з Лукашэнкам, пісаў: «Спадзяюся, што калісьці змагу прапаведаваць Евангелле ў Беларусі».

Па даных «Нашай Нівы», Грэта ван Састэрэн прыедзе ў Беларусь і на цяперашняе сабранне. Падобна, што разам з ёй прыедзе і Джон Коул. Магчыма, разам з гэтым адбудуцца і новыя вызваленні палітвязняў.

«Я чакаю, што мы зможам дамагчыся вызвалення некаторых зняволеных у бліжэйшы месяц, — сказаў Джон Коул агенцтву Reuters 28 красавіка. — І я вярнуся, каб садзейнічаць гэтаму цягам наступнага месяца. Нічога пэўнага, але, відаць, у наступным месяцы».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках