30 красавiка 2026, Чацвер, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна нанесла ўдар па адным з найбуйнейшых заводаў па вытворчасці выбуховых рэчываў у Расіі

11
Украіна нанесла ўдар па адным з найбуйнейшых заводаў па вытворчасці выбуховых рэчываў у Расіі

Над прадпрыемствам падняўся слуп дыму.

У ноч на 30 красавіка украінскія беспілотнікі атакавалі Дзяржынск у Ніжагародскай вобласці, паведамілі Shot мясцовыя жыхары. Паводле іх слоў, у розных раёнах горада прагрымелі каля 10 выбухаў. Таксама выбухі былі чутныя ў паўднёвай і цэнтральнай частцы горада Кстова, што знаходзіцца побач з Ніжнім Ноўгарадам. Афіцыйна ўлады рэгіёна інфармацыю аб налёце не каментавалі. Мішэнню беспілотнікаў у Дзяржынску стаў ФКП «Завод имени Я. М. Свердлова», што вынікае з аналізу відэа і фота відавочцаў, праведзенага Astra. Пасля ўдару над прадпрыемствам падняўся слуп дыму.

Завод имени Я. М. Свердлова ў Дзяржынску з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў выбуховых рэчываў у Расіі з больш чым 100-гадовай гісторыяй. Ён уваходзіць у ваенна-прамысловы комплекс краіны і мае стратэгічнае значэнне. Завод уключаны ў санкцыйны спіс Кіева «за падтрымку дзеянняў, што падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны». Таксама прадпрыемства трапіла пад санкцыі ЗША, ЕС, Вялікабрытаніі, Японіі і Швейцарыі. Раней украінскія дроны ўжо атакоўвалі завод. Так, у выніку ўдару ў кастрычніку 2024 года быў пашкоджаны адзін з яго цэхаў.

Паводле зводкі Мінабароны РФ, за мінулую ноч дзяжурныя сродкі супрацьпаветранай абароны (СПА) «перахапілі і знішчылі» 189 украінскіх беспілотнікаў над расійскімі рэгіёнамі. У прыватнасці, дроны былі заўважаныя над Астраханскай, Белгародскай, Бранскай, Валгаградскай, Варонежскай, Курскай, Ліпецкай, Ніжагародскай, Растоўскай, Разанскай, Самарскай, Саратаўскай, Тульскай і Ульянаўскай абласцямі.

Да гэтага Узброеныя сілы Украіны (УСУ) сканцэнтравалі ўдары па хімічных прадпрыемствах Расіі, якія могуць пастаўляць сыравіну для вытворчасці зброі. 6 красавіка нападзе падвергся завод «Минудобрения» ў горадзе Расаш Варонежскай вобласці, 4 красавіка — два хімічныя заводы ў Тальяці Самарскай вобласці: «Тольяттикаучук» і «КуйбышевАзот».

27 сакавіка беспілотнікі ўдарылі па АО «Апатит», якое ўваходзіць у Чарапавецкі хімічны кластар групы «ФосАгро». 25 лютага быў атакаваны завод «Дорогобуж» у Смаленскай вобласці. Загінулі сем чалавек. 17 лютага беспілотнікі паразілі завод «Метафракс Кемикалс» у Пермскім краі. 7 лютага пад удар трапіў найбуйнейшы хімзавод Цвярской вобласці — Рэдкінскі вопытны завод.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках