Вайна ва Украіне стала залатой жылай для Кіма Чэн Ына
2- 11.05.2026, 12:57
- 2,764
Абнародаваная цана, якую Расія плаціць КНДР за снарады і салдадаў.
Паўночная Карэя атрымлівае каласальныя даходы, аказваючы ваенную падтрымку Расіі. У абмен на зброю і «гарматнае мяса» рэжым Кіма Чэн Ына атрымлівае замежную валюту, энергарэсурсы і найноўшыя тэхналогіі, піша Nikkei Asia.
Паводле ацэнак даследчага інстытута пры Нацыянальнай разведвальнай службе Паўднёвай Карэі, за тры гады КНДР зарабіла да 13 мільярдаў долараў. Гэта сума амаль роўная гадавому валаваму ўнутранаму прадукту краіны.
Адзначаецца, што толькі за пастаўку ракетнай артылерыі і амаль 250 ракет KN-23 кароткай далёкасці Пхеньян атрымаў ад 7 да 13,8 млрд долараў.
Асобнай крыніцай даходаў стала разгортванне паўночнакарэйскіх войскаў. Расія заплаціла больш за 600 мільёнаў долараў за прыцягненне салдат КНДР, чыя колькасць на перадавой складае каля 10 000 байцоў спецназа і яшчэ столькі ж інжынераў і аператараў дронаў. Паводле наяўных даных, Кім Чэн Ын плануе накіраваць на вайну яшчэ 30 000 вайскоўцаў.
Згодна са справаздачамі, найміты атрымліваюць уражлівыя па мерках КНДР выплаты.
«Гэтыя паўночнакарэйскія войскі, што ваююць у расійска-украінскай вайне, нібыта атрымліваюць каля 2 000 долараў штомесяц у якасці кампенсацыі, а таксама выплату ў выпадку гібелі да 10 000 долараў», – адзначаюць даследчыкі.
Да лютага 2026 года ўжо каля 6 000 салдат КНДР былі забітыя або параненыя.
Эканамічны эфект ад супрацоўніцтва з агрэсарам ужо прыкметны на вуліцах Пхеньяна.
«Колькасць раскошных аўтамабіляў на вуліцах значна ўзрасла ў параўнанні з мінулым», – піша СМІ, спасылаючыся на крыніцу, якая наведала сталіцу КНДР восенню 2025 года.
Паводле слоў відавочцы, у горадзе з’явілася нямала японскіх і еўрапейскіх аўтамабіляў з прыватнымі нумарамі.
Акрамя таго, як адзначаецца ў справаздачах, Кім ставіцца да тых, хто вяртаецца, як да герояў, а сем’і загінулых атрымліваюць элітнае жыллё.