Беларус выпадкова выкінуў у смецце 5000 долараў і 3000 еўра, якія схавала жонка
5- 13.05.2026, 9:25
- 2,708
Ці ўдалося знайсці грошы?
Вадзіцель і грузчык смеццявоза са Слуцка распавялі пра незвычайныя знаходкі і сітуацыі за час працы. Сярод іх — гісторыя пра гараджаніна, які выпадкова выкінуў у смецце 5000 долараў і 3000 еўра, схаваныя жонкай у шафе. Знайсці грошы пасля гэтага так і не ўдалося, піша «Мінская праўда».
Вадзіцель смеццявоза Уладзімір Краўчэня працуе ў КУП «Слуцкае ЖКГ» ужо 11 гадоў. Яго працоўны дзень пачынаецца каля паловы шостай раніцы. За змену ён праязджае да 100 кіламетраў і робіць дзясяткі спыненняў у дварах, у прыватным сектары і каля арганізацый.
Па словах вадзіцеля, асноўная праблема на маршрутах — прыпаркаваныя аўтамабілі, з-за якіх смеццявозу часта складана пад'ехаць да кантэйнераў.
«Працэнтаў сорак — парушальнікі», — адзначае Уладзімір.
Раней у такіх выпадках даводзілася выклікаць ДАІ, цяпер камунальнікі часцей проста мяняюць маршрут і вяртаюцца пазней.
Пры гэтым супрацоўнікі ЖКГ скардзяцца, што некаторыя жыхары пакідаюць каля кантэйнераў смецце, якое звычайныя смеццявозы не прызначаныя вывозіць. Падчас паездкі па прыватным сектары Уладзімір паказаў старыя дзверы, што ляжалі сярод мехаў з адкідамі.
«Дык куды мы іх забяром? Людзі выкідваюць поўнае вядро будаўнічага смецця: бетон, камяні, блокі — такое аднаму грузчыку цяжка нават падняць. Машыны выходзяць з ладу, бо спецыяльнае абсталяванне на такое не разлічана», — патлумачыў ён.
Разам з Уладзімірам у рэйсы выходзіць грузчык Леанід Пятроў, які працуе ў ЖКГ з пачатку 1990-х. За змену праз яго рукі праходзіць некалькі тон адкідаў, а сярод знаходак за гады працы трапляліся і небяспечныя рэчы, напрыклад, кіслата ў бутэльках.
«Загрузілі смецце, а ўнутры была бачная бутэлька з кіслатой, разбілася, усё пацякло па кузаве, пачало раз'ядаць фарбу, шыпела. Тады мы добра спалохаліся. Гарэлі ў нас смеццявозы ўзімку з-за таго, што людзі выкідвалі попел і тлеючыя вуглі. Машына едзе, дым з кузаву, полымя. Вадзіцель да звалкі не даехаў бы, выгружаў проста на снег у полі», — распавёў камунальнік.
Але бываюць і кур'ёзныя гісторыі:
«Аднойчы прадаўшчыца выкінула ў смецце пакет з латарэямі — некалькі пачкаў. Добра, на звалцы мы паказалі, дзе купа, прадаўшчыца разам з загадчыцай два гадзіны граблі — знайшлі. А іншы выпадак: жонка схавала грошы ў шафе — 5000 долараў і 3000 еўра — а муж разам з бутэлькамі выкінуў. Потым шукалі, але не знайшлі».
А Уладзімір успомніў яшчэ адзін выпадак:
«Вось я ездзіў два тыдні запар — матрац двухспальны, будаўнічае смецце, хутчэй за ўсё, робяць рамонт. Потым як пад'язджаю на загрузку, а мне абяцаюць скаргу: „Забярыце матрац, а то буду тэлефанаваць у Мінск. Адразу на 115“»."