Украінскія вайскоўцы знішчылі калону расіян на падступах да Часавага Яра
2- 13.05.2026, 14:54
- 1,954
Відэафакт.
Расійскія пяхотныя падраздзяленні спрабавалі з боку Бахмута распачаць наступ на ўскраіны Часавага Яра ў Данецкай вобласці. Варожая калона рухалася ў напрамку горада, аднак украінскія абаронцы сарвалі гэтыя планы.
Па праціўніку былі нанесены ўдары з выкарыстаннем беспілотнікаў і артылерыі, што не дазволіла яму прасунуцца наперад. Пра гэта паведамілі ў Telegram-канале 24-й асобнай механізаванай брыгады імя караля Данілы.
«Знішчылі калону акупантаў! На падыходах да Часавага Яра падраздзяленні 24 АМБр імя караля Данілы ва ўзаемадзеянні з 427-й брыгадай БПС «РАРОГ» адпрацавалі па пяхоце праціўніка», — гаворыцца ў паведамленні.
У 24-й АМБр расказалі, што з боку Бахмута адкрыта перасоўваліся больш за два дзясяткі захопнікаў. Украінская выведка своечасова выявіла іх рух, пасля чаго па мэце адпрацавалі артылерыя і беспілотнікі.
У выніку зладжаных дзеянняў байцоў асабовы склад праціўніка быў паражаны. Таксама на апублікаваным відэа ёсць моманты з камер GoPro расійскіх вайскоўцаў, што фіксуюць момант патрапляння і іх не надта радасную рэакцыю.