Беларусы сталі часцей увозіць ужываныя аўтамабілі з-за мяжы
2- 15.05.2026, 10:21
- 2,344
Якія аўтамабілі часцей за ўсё выбіраюць?
За першыя чатыры месяцы 2026 года фізічныя асобы самастойна імпартавалі і паставілі на ўлік 38 тысяч легкавых аўтамабіляў — амаль удвая больш, чым за той жа перыяд прадалі афіцыйныя дылеры і іншыя юрыдычныя асобы. Такія даныя прывялі эксперты кампаніі «БАА-Консалт».
Паводле даных аналітыкаў, афіцыйныя прадаўцы за студзень–красавік рэалізавалі на ўнутраным рынку каля 20 тысяч аўтамабіляў. На гэтым фоне спецыялісты кажуць пра далейшы рост рынку ўжываных машын.
Сярэдні ўзрост увезеных аўтамабіляў склаў крыху больш за шэсць гадоў.
Пры гэтым беларусы ўсё часцей выбіраюць кросоверы і пазадарожнікі. Паводле падлікаў аналітыкаў, аўтамабіляў сегмента SUV увезлі прыкладна ўдвая больш, чым класічных легкавых аўтамабіляў — седанаў, універсалаў і хэтчбэкаў.
Найбольш папулярным сегментам сталі кампактныя кросоверы SUV-C — на іх прыйшлося 28 % усяго імпарту. Яшчэ 17 % склалі сярэднепамерныя кросоверы SUV-D. На аўтамабілі C-класа прыйшлося 12 % рынку.
Найбольш папулярнай мадэллю сярод увезеных машын стаў амерыканскі кросовер Chevrolet Equinox — за чатыры месяцы беларусы паставілі на ўлік каля 2,4 тысячы такіх аўтамабіляў. На другім месцы апынуўся GMC Terrain — каля тысячы машын. Столькі ж увезлі Peugeot 5008. Сярод класічных легкавых аўтамабіляў лідэрам стаў Renault Megane — у краіну ўвезлі каля 840 такіх машын.
Беларусы таксама застаюцца даволі кансерватыўнымі ў выбары колеру аўтамабіляў. Шэрымі аказаліся 33 % увезеных машын, чорнымі — 26 %, белымі — 19 %. Разам на гэтыя тры колеры прыйшлося амаль 80 % усяго імпарту.
Паводле даных аналітыкаў, імпарт аўтамабіляў старэйшых за пяць гадоў у 2026 годзе вырас прыкладна на 20 % у параўнанні з мінулым годам. У «БАА-Консалт» лічаць, што аснову рынку цяпер фармуюць менавіта ўжываные аўтамабілі сярэдняга ўзросту, якія грамадзяне самастойна набываюць за мяжой.