«Ведаем галоўных утрыманцаў»: беларусы адказалі Лукашэнку
2- 15.05.2026, 11:53
- 3,590
Дыктатару нагадалі, што ён стаў проста генератарам мемаў.
«Улады разбалавалі сваіх людзей» — так сказаў Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці, дадаўшы, што сярод беларусаў «развітае ўтрыманства». «Салідарнасць» спытала ў суайчыннікаў унутры краіны, што яны пра гэта думаюць. Усе імёны суразмоўцаў змененыя.
Дзмітрый, 43 гады
— Я раблю канкрэтную працу і гэтым зарабляю. З маёй зарплаты ўтрымліваюцца падаткі. Дык які з мяне ўтрыманец? Што да розных льгот і іншага — ну, хай адменяць тую ж «бясплатную» медыцыну (праўда, цяжка назваць яе сапраўды бясплатнай), але няхай дадуць людзям прыстойную зарплату, і мы будзем атрымліваць якасныя паслугі за ўласныя грошы.
Пра тое, што нас нібыта разбалавалі, — не ведаю: здаецца, наадварот, усё толькі ужорстчваецца. Ніякіх паслабленняў у краіне няма. Нават пачалі рабіць акцэнт на законах, якія заўсёды былі, але на іх не надта звярталі ўвагу: сарваў бэз, не там кінуў акурок — штраф. Чарговы раз нагадваюць, што тут расслабляцца нельга.
Дык я не ведаю, хто і чым нас балуе. Нават у эканамічным плане. У мяне добрая зарплата, але 35% ад яе ідзе на выплату крэдыту за жытло. У выніку застаецца толькі на прадукты і часам на абнаўленне гардэроба.
Нічога не адкладаю ў скарбонку: наадварот, апошнім часам толькі дастаю з яе.
Эмма, 29 гадоў
— Мы з мужам абодва афіцыйна працаўладкаваныя, плацім падаткі, таму пра ўтрыманства і гаворкі быць не можа. Улады лічаць, што шмат робяць і «балуць» нас. Але вось мае назіранні.
Мы плацім за інтэрнэт немалыя грошы, але апошнім часам ён амаль не працуе. Даражэе і кватплата — цяпер плацім ужо 78 рублёў за аднапакаёвую кватэру.
Далей. Да нас прывозяць артыстаў і праводзяць мерапрыемствы, якія цікавыя маленькаму працэнту насельніцтва. У тэатрах — ваенныя пастаноўкі. Дзве траціны гледачоў — гэта сувораўцы, вайскоўцы і навучэнцы, якіх прывезлі аўтобусамі. Айчыннае кіно настолькі нецікавае, што на яго прымушаюць ісці студэнтаў, каб хоць як-небудзь адбіць кошт фільма.
Месцамі пакутуе якасць дарог. Едзем па платнай, але большая частка — не асфальт, а бетонавыя пліты, што не надта зручна. Лепш, вядома, чым па ямах, але ўсё ж.
Бабуля з дзедам жывуць у вёсцы, у якой няма крамы, а аўтакрама да іх не даязджае, бо яны жывуць на ўзвышшы. Вадзіцель кажа: «Не паеду, бо галіны падрапаюць машыну». Мы спрабавалі яксьці вырашыць пытанне, тэлефанавалі ў сельсавет, але толку нуль.
І напрыканцы скажу пра нашу «бясплатную» медыцыну. Я практычна перастала хадзіць у паліклініку, бо талонаў да вузкіх спецыялістаў і на розныя абследаванні трэба чакаць вельмі доўга. Хаджу ў прыватны цэнтр — і хутчэй, і накіравання не трэба, і стаўленне зусім іншае.
Таццяна, 53 гады
— Мы плацім падаткі, ПДВ у кожным тавары, і акцызы. Таму ніякага ўтрыманства абсалютна няма. За медыцыну людзі часта плацяць. Мінулага года рабіла чэк-ап платна. Але сёлета вырашыла «тупнуць нагой» — і мне раптам далі ўсе накіраванні: і на УГД, і да лекараў.
Улады часам граюць на неадукаваных людзях, якія не разбіраюцца ў эканоміцы і не ведаюць, колькі падаткаў утрымліваецца з іх зарплаты. На самай справе ўсё бясконца даражэе, і мы за гэта плацім.
Праезд субсідуецца, так. Але калі зімой былі страшэнныя маразы, у аўтобусах не было ацяплення. Памятаю, еду 40 хвілін, мерзну, падыходжу да вадзіцеля, пытаюся: «Чаму не ўключаеце абагравальнік?». А ён адказвае: «Усе пытанні да МАЗа, я сам у зімовым адзенні езджу».
Цяпер, калі пачаліся спякотныя дні, не працуе кандыцыянер. Плюс вялікі інтэрвал паміж аўтобусамі, а часам можа і ўвогуле не прыйсці. Колькі разоў тэлефанавала на «гарачую лінію» — мне адказвалі: «Зламаўся».
Таму ніякага ўтрыманства. А самыя галоўныя ўтрыманцы — вы ведаеце хто. Якія ўявілі сябе князямі, судзячы па майскіх прадстаўленнях у суседняй дзяржаве. Проста агідна.
Сцяпан, 27 гадоў
— На словы Лукашэнкі ўжо ніхто не звяртае ўвагі, гэта нейкі генератар мемаў. Калі задумацца, у нас наогул няма нічога бясплатнага. У школе, памятаю, пастаянна былі нейкія зборы: то на рамонт, то яшчэ на што-небудзь. Цяпер нават «бясплатнай» медыцынай не карыстаюся: у мяне страхоўка ў прыватны медцэнтр ад кампаніі, у якой працую.
Улады ў цэлым хочуць здзерці з нас усё больш грошай, але пры гэтым нічога не даць узамен. Не памятаю, каб нешта даставалася мне бясплатна. Пры гэтым у нас сілавікі і вайскоўцы атрымліваюць як мінімум льготнае жытло. А звычайныя людзі бяруць крэдыт з высокімі працэнтамі.
Дык што беларусаў дакладна не разбалавалі. Можа, гэта Лукашэнка пра сябе гаварыў — пра тое, як яго разбалавалі?
Лідзія, 35 гадоў
— Льготы ў нас ёсць, але яны або мізэрныя, або проста для краснага слоўца. А ўсё бясплатнае — толькі ўмоўна бясплатнае.
Якасць адукацыі і медыцыны часта патрабуе даплат. Дапамогі не адпавядаюць выдаткам. Дэкрэтныя выплаты на першае дзіця не могуць пакрыць нават выдаткаў на харчаванне, дапамога па беспрацоўі — гэта наогул здзек.
Улады таксама хвалісяць, што ў нас ёсць сацыяльная пенсія, надбаўкі за ўзрост. Але гэтыя сумы нават называць страшна: улічваючы цэны на лекі, добра, калі на дзве пачкі таблетак хопіць.
Шмат якія бальніцы, на жаль, у дрэнным стане. А калі казаць пра адукацыю, дык вельмі многае ў садках і школах купляецца за наш, бацькоўскі, кошт.
Думаю, калі дзяржава раздае льготы і патрабуе за гэта ўдзячнасці народу, яна стварае патэрналісцкую мадэль: «мы — бацькі, а вы — дзеці нясмышлёныя». Тады льгота ўспрымаецца не як права, а як міласціна бацькі, за якую трэба быць удзячным, а не крытыкаваць.
Але падаткаплацельшчык не павінен дзякаваць за тое, што яму вярнулі частку яго ж грошай. Гэта мы працуем, плацім падаткі і напаўняем бюджэт, а льготы — не падарунак ад ліпавага цара, гэта інструмент змякчэння няроўнасці.