У колькі ўжо абышлася Пуціну вайна?
3- Ніна Хрушчова
- 16.05.2026, 11:42
- 1,610
Страты — ад Казахстана да Кітая.
Чатыры з лішнім гады таму прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін распачаў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, і з тых часоў не толькі не дасягнуў ваеннай перамогі, пра якую марыў, але яшчэ і сапсаваў адносіны з іншымі краінамі, якія наладжваў дзесяцігоддзямі. У выніку Расія апынулася ў большай ізаляцыі, чым калі-небудзь ад часоў бальшавіцкай рэвалюцыі.
Аднаго ўварвання ва Украіну хапіла, каб убіць клін паміж Расіяй і яе саюзнікам — Казахстанам. Пуцін ужо даўно ставіць пад сумнеў асновы незалежнай дзяржаўнасці Казахстана, заяўляючы, што народ гэтай краіны жадае больш цесных сувязяў з Расіяй. Гэтыя заявы нагадваюць прамовы Пуціна пра Украіну.
І таму пасля ўварвання 2022 года прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адхіліў просьбы Крамля аб дапамозе, а потым заявіў Пуціну, што Казахстан не прызнае сепаратысцкія рэгіёны ва Украіне, якія падтрымлівае Расія. Акрамя таго, ён падпісаў пагадненне аб вайсковым супрацоўніцтве з Турцыяй, зрабіўшы сваю краіну першым членам створанай Расіяй «Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы» (АДКБ), які дасягнуў падобных дамоўленасцяў з краінай НАТА. Пазней адносіны Пуціна з Такаевым палепшыліся, але прычынай, хутчэй за ўсё, стаў той факт, што абодва бакі па-ранейшаму патрэбныя адзін аднаму.
Або паглядзім на Арменію. Калі ў верасні 2023 года Азербайджан пачаў вайсковую аперацыю дзеля ўсталявання кантролю над Нагорным Карабахам (этнічна армянскім анклавам у межах сваёй тэрыторыі), расійскія міратворцы, якія былі там размешчаныя, нічога не зрабілі, і ўсё насельніцтва анклава (каля 100 тысяч чалавек) было вымушана ўцякаць. Не прайшло і года, як Арменія абвясціла пра планы выхаду з АДКБ і пачала набываць зброю ў Францыі і Індыі. А Расія датэрмінова вывела сваіх міратворцаў з рэгіёна.
Крэмль змог сапсаваць адносіны і з Азербайджанам, хоць той і выйграў ад крамлёўскай здрады Арменіі. У снежні 2024 года расійская ракета кляса «зямля—паветра» збіла пасажырскі самалёт авіякампаніі Azerbaijan Airlines, забіўшы 38 чалавек. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў запатрабаваў ад Крамля кампенсацыі і прыцягнення вінаватых да адказнасці, але Пуцін амаль год адмаўляўся прызнаваць віну. Тым часам Аліеў пачаў ігнараваць Пуціна, не прыехаўшы ў маі 2025 года на штогадовы расійскі Парад Перамогі; падчас аблавы расійскага спецназу на этнічных азербайджанцаў у Екацярынбургу загінулі некалькі чалавек; Азербайджан правёў рэйд у бакінскім офісе расійскага дзяржаўнага СМІ «Спутник», арыштаваўшы яго супрацоўнікаў.
Аднак праз Азербайджан праходзіць крытычна важны гандлёвы калідор у Іран, а гэтая краіна (да таго, як у лютым ЗША і Ізраіль пачалі супраць яе вайну) пастаўляла Расіі дроны і балістычныя ракеты для вайны ва Украіне. (Дарэчы, Расія фактычна кінула Іран, калі той трапіў пад агонь). Каб захаваць гэты калідор адкрытым, Крамлю давялося праглынуць абразы з боку Азербайджана, і ў кастрычніку 2025 года Пуцін, нарэшце, прызнаў, што самалёт быў збіты расійскімі сістэмамі СПА, і размыта паабяцаў кампенсацыю.
Хоць ягонае прабачэнне, зробленае для выгляднасці, адчыніла шлях да аднаўлення адносін, увесь гэты эпізод стаў сур'ёзнай знешнепалітычнай памылкай Расіі. І ў царскія, і ў савецкія часы крамлёўскія лідары стагоддзямі ўмела лавіравалі ў супярэчнасцях паміж Арменіяй і Азербайджанам. Але Пуцін, пачаўшы вайну ва Украіне, здолеў сапсаваць адносіны з абедзвюма краінамі.
У Сірыі Расія амаль дзесяць гадоў траціла на падтрымку рэжыму Башара Асада, наносячы авіяўдары і ўжываючы сухапутныя войскі, адначасова забяспечваючы Асаду дыпламатычнае прыкрыццё ў Савеце Бяспекі ААН. Узамен Расія захоўвала кантроль над ваенна-марской базай у Тартусе і авіябазай Хмеймім.
Але ў лістападзе 2024 года сырыйскія паўстанцы распачалі раптоўны наступ, на які расійская армія, паглынутая вайной ва Украіне, не здолела адказаць у поўную сілу. За некалькі дзён упалі Алепа і Дамаск, а Асад уцёк у Маскву. Столькі было выдаткавана, але ў выніку Расія засталася ні з чым.
Не менш ганебная гісторыя з расійскай авантурай у Афрыцы. Да ўкраінскай вайны найміты з ПВК «Вагнер» пашыралі расійскі ўплыў на ўсім кантыненце: у абмен на кантракты на забеспячэнне бяспекі яны атрымлівалі палітычную лаяльнасць і правы на здабычу карысных выкапняў. Напрыклад, у Малі яны пазіцыянавалі сябе як ключавую апору вайсковай хунты ў яе барацьбе з джыхадыстамі.
Але ў 2024 годзе туарэгскія паўстанцы ўладкавалі засаду на малійска-вагнераўскі канвой паблізу горада Цінзауатэн, забіўшы дзясяткі расійскіх наймітаў. А потым джыхадысты атакавалі аэрапорт і дзяржаўную акадэмію жандармерыі ў Бамако. Расповеды пра тое, як «Вагнер» зрабіў Малі больш бяспечнай, страцілі сэнс. Частка сіл, перайменаваных у «Афрыканскі корпус», заставалася ў краіне пасля таго, як у чэрвені мінулага года ПВК «Вагнер» афіцыйна пакінула Малі, але цяпер і яны сышлі.
Не лепш справы ў Пуціна і ў Еўропе. Схілены перад Расіяй прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан нядаўна пайшоў у адстаўку, прайграўшы выбары пасля 16 гадоў ва ўладзе. А прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч ціхенька хеджуе рызыкі: хоць спачатку здавалася, што Сербія падтрымлівае ўварванне Расіі ва Украіну, Вучыч потым неаднаразова сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і экспартаваў ва Украіну боепрыпасы на суму як мінімум $908 млн праз трэція краіны (Балгарыю, Чэхію і Польшчу).
Вучыч таксама скасаваў вайсковыя кантракты з расійскімі пастаўшчыкамі зброі, а потым падпісаў з Францыяй угоду на суму 2,7 млрд еўра аб пастаўцы 12 знішчальнікаў Rafale. Пуцін пакуль аддае перавагу не рэагаваць. Апошняе, што яму трэба, — канчаткова страціць аднаго з сваіх апошніх адкрытых саюзнікаў у Еўропе.
Тым часам даўно залежны ад Пуціна прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вызваліў палітвязняў у надзеі палепшыць адносіны з Захадам. І ён нават меў кантакт з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Хоць «апошні дыктатар Еўропы» не разрывае адносіны з Крэмлём, ён рыхтуе сабе шляхі адступлення і заадно павышае стаўкі.
Нарэшце, Кітай. Да ўкраінскай вайны Расія і Кітай прэзентавалі сябе як дзве вялікія дзяржавы, што супраціўляюцца заходняму дамінаванню, а напярэдадні ўварвання яны ўсхвалялі сваё «партнёрства без межаў». Але сёння іх адносіны больш падобныя да няроўнага шлюбу з разліку, чым да саюза роўных па сіле гульцоў. Кітай пастаўляе Расіі тавары двайнога прызначэння, у тым ліку мікраэлектроніку і станкі (але не зброю), а Расія прадае Кітаю нафту і газ са зніжкай.
Пэўна, самым верным сябрам Расіі цяпер стала Паўночная Карэя, якая адправіла больш за 10 тысяч салдат ваяваць побач з расійскімі сіламі ў Курскай вобласці пасля вылазкі Украіны на тэрыторыю Расіі ў жніўні 2024 года. Утім, нават гэтыя адносіны маюць цалкам транзакцыйны характар і грунтуюцца на агульным для гэтых краін адчуванні небяспекі і на варожасці да Захаду.
Пуцін меркаваў, што ўварванне ва Украіну верне Расіі статус вялікай дзяржавы, аслабіць уплыў Захаду і паскорыць пераход да шматпалярнага міжнароднага парадку. Замест гэтага ўварванне знішчыла аўтарытэт Крамля як партнёра і саюзніка. У Расіі ўсё яшчэ ёсць ядзерная зброя, пастаяннае месца ў Савеце Бяспекі ААН і велізарныя запасы энергарэсурсаў, але ўкраінская вайна сур'ёзна аслабіла яе і пазбавіла магчымасці дэманстраваць сілу і ўплываць на сусветныя справы якім-небудзь іншым чынам, апроч пагроз вайной.
Ніна Хрушчова, Project Syndicate