Венесуэла дэпартавала ў ЗША бізнесмена і саюзніка Мадура
- 17.05.2026, 8:27
- 1,352
Фота: REUTERS/Leonardo Fernandez Viloria
Ён можа прадаставіць амерыканскім уладам каштоўную інфармацыю.
Венесуэльскі бізнесмен і саюзнік былога прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура Алекс Сааб быў афіцыйна дэпартаваны ў ЗША.
Пра гэта заявілі ў міграцыйным агенцтве Венесуэлы SAIME, паведамляе Reuters.
Паводле прадстаўніка праваахоўных органаў, Сааб быў арыштаваны ў Каракасе ў лютым падчас сумеснай аперацыі ЗША і Венесуэлы. Гэта адбылося праз месяц пасля таго, як амерыканскі спецназ захапіў Мадура ў Каракасе.
Reuters адзначае, што арышт і дэпартацыя Сааба сведчаць пра новы ўзровень супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі ЗША і Венесуэлы пры выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Дэльсі Радрыгес.
Таксама агенцтва адзначае, што 54‑гадовы Сааб, ураджэнец Калумбіі, раней быў затрыманы ў Каба-Вердэ ў 2020 годзе і ўтрымліваўся пад вартай у ЗША па абвінавачанні ў хабарніцтве. У 2023 годзе яго памілавалі ў абмен на вызваленне амерыканцаў, затрыманых у Венесуэле.
Паводле звестак крыніц, Сааб можа прадаставіць амерыканскім уладам інфармацыю, якая ўмацуе іх крымінальную справу супраць Мадура.
Што яшчэ вядома
Нагадаем, што Нікалас Мадура і ягоная жонка Сілія Флорэс былі дастаўленыя ў Нью‑Ёрк у студзені для прад’яўлення крымінальных абвінавачванняў, у тым ліку ў змове з мэтай учынення наркатэрарызму. Але яны адмаўляюць высунутыя абвінавачанні.
Некалькі гадоў таму Сааб і ягоная жонка жылі ў Італіі. Адвакат Луіджы Джуліано, які прадстаўляе яго інтарэсы, сказаў, што не займаецца справамі Сааба ў ЗША і не можа пацвердзіць дэпартацыю.