The Telegraph: Украіна прымусіла РФ змяніць тактыку, якой тая ваявала стагоддзямі
1- 2.05.2026, 8:32
- 2,734
Новы падыход не прынёс расіянам поспеху.
Узброеныя сілы РФ амаль цалкам адмовіліся ад тактыкі так званых «мясных штурмаў», спрабуючы знясіліць украінскую абарону колькаснай перавагай. Замест гэтага расіяне ўсё часцей выкарыстоўваюць малыя дыверсійна-штурмавыя групы па два–чацвёра вайскоўцаў, якія спрабуюць незаўважна прасочвацца скрозь пазіцыі ЗСУ.
З пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійская армія страціла каля 1,3 млн вайскоўцаў, з якіх прыкладна 325 тысяч — загінулыя, піша The Telegraph.
Журналісты адзначылі, што развіццё тэхналогій істотна змяніла поле бою. Беспілотнікі пастаянна патрулююць лінію фронту і хутка выяўляюць вялікія скопішчы войскаў, а сістэмы радыёэлектроннай барацьбы ўскладняюць каардынацыю атак. У матэрыяле гаворыцца, што з-за гэтага традыцыйныя «чалавечыя хвалі» сталі менш эфектыўнымі.
Аналітык праграмы Расіі і Еўразіі брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House Кір Джайлз патлумачыў, што новая расійская тактыка з'яўляецца рэакцыяй на так званае «празрыстае поле бою», дзе любыя перасоўванні хутка заўважаюцца з дапамогай сучасных тэхналогій.
«Замест вялікіх груп расійскіх салдат, што рухаюцца наперад па адкрытай мясцовасці як «губкі для куль», цяперашняя тактыка прадугледжвае павольнае, схаванае пранікненне праз прабелы ва украінскіх пазіцыях на лініі фронту», — патлумачыў Джайлз.
Паводле дадзеных амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, напрыканцы красавіка расійскія атакі ў асноўным ажыццяўляліся сіламі ўзвода або нават меншымі групамі. У той жа час аналітыкі Critical Threats Project паведамлялі, што такія малыя групы расіян украінскія сілы часта выяўляюць і паражаюць, аднак цалкам спыніць іх прасоўванне бывае складана.
Старшы аналітык Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Антон Зямляны распавёў, што аснову новай тактыкі складаюць невялікія пяхотныя групы, якія дзейнічаюць парамі або малымі камандамі. Каардынацыя адбываецца праз камандзіраў штурмавых груп, якія падтрымліваюць сувязь з камандаваннем роты або батальёна.
Паводле яго слоў, расійскія камандныя пункты актыўна выкарыстоўваюць дроны для карэкціроўкі дзеянняў такіх груп і перадачы інфармацыі пра перамяшчэнні ўкраінскіх войскаў.
«Гэтыя невялікія групы спрабуюць пазбягаць прамога бою і замест гэтага абыходзяць украінскія ўмацаванні, пранікаючы глыбей у абарончыя лініі», — адзначыў Зямляны.
Аўтары матэрыялу падкрэслілі, што пасля прасочвання паміж украінскімі пазіцыямі гэтыя групы замацоўваюцца ў закінутых будынках, пасадках або варонках ад снарадаў і чакаюць падмацавання. Мэта такіх дзеянняў — не імгненны штурм, а стварэнне пагрозы украінскім пазіцыям з нечаканых напрамкаў.
Аднак нават новы падыход не гарантуе расіянам поспеху. Паводле слоў Зямлянага, жывучасць такіх груп застаецца нізкай.
«Нават калі асобным байцам удаецца прасачыцца, іх звычайна выяўляюць і знішчаюць беспілотнікі або іх ліквідуюць украінскія падраздзяленні. Прабіць абарону такімі групамі немагчыма. Магчымы толькі павольны, паўзучы наступ, што прыводзіць да вельмі абмежаваных тэрытарыяльных дасягненняў цаной вялікіх страт на квадратны кіламетр», — падкрэсліў Зямляны.