Анджэй Пачобут увайшоў у склад Рады пры прэзідэнце Польшчы
1- 2.05.2026, 19:59
- 1,158
Рашэнне прыняў Кароль Навроцкі.
Былая старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс і журналіст, які выйшаў на волю, Анджэй Пачобут увайшлі ў склад Рады па справах польскай дыяспары і палякаў за мяжой пры прэзідэнце Польшчы.
Адпаведнае рашэнне 2 мая 2026 года ў Варшаве падпісаў прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі. Гэтае прызначэнне з'яўляецца прызнаннем іх шматгадовай дзейнасці ў інтарэсах палякаў, якія пражываюць па-за межамі краіны.
Нагадаем, Анджэй Пачобут выйшаў на волю у выніку абмену на беларуска-польскай мяжы па формуле «пяць на пяць».
У лютым 2023 года суд у Гродне прысудзіў Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361-3 КК).
Анджэя некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ у наваполацкай калоніі. У зняволенні ён моцна схуднеў, перанёс аперацыю па выдаленні язваў на скуры. У кастрычніку 2025 года ён завочна атрымаў Прэмію Сахарава, у лістападзе атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага Арла.
У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.