Туапсэ зноў у агні: пасля атакі дронаў палае нафтабаза
3- 27.05.2026, 7:59
- 5,052
На кадрах добра бачна зарыва ў небе.
Уначы на 27 мая беспілотнікі атакавалі Краснадарскі край РФ. Пад ударам чарговы раз апынуўся партавы горад Туапсэ, піша «Фокус».
Пасля серыі выбухаў у Туапсэ фіксуецца пажар на адным з аб'ектаў нафтаперапрацоўчай галіны. Верагодна, гэтай ноччу пад ударам дронаў магла апынуцца мясцовая нафтабаза. Пра гэта пішуць OSINT-аналітыкі.
«Туапсэ 5.0, пацвярджаем пажар на нафтабазе», — паведамляюць у сеціве.
Аналітыкі таксама паказалі кадры верагоднай атакі на горад гэтай ноччу. На іх бачна зарыва ў небе, а таксама чутныя выбухі і гукі працы сіл супрацьпаветранай абароны.

Варта адзначыць, што афіцыйнага пацвярджэння паражэння нафтабазы ў Туапсэ на момант публікацыі не паступала. Мясцовыя ўлады атакі на рэгіён не каментавалі.
У той жа час позна ўвечары 26 мая кіраўнік Туапсінскай муніцыпальнай акругі Сяргей Бойка абвяшчаў пра паветраную трывогу ў раёне. Чыноўнік папярэджваў пра пагрозу атакі беспілотнікаў для Туапсэ і наваколля і заклікаў жыхароў знаходзіцца ў бяспечных месцах.
Нагадаем, нафтаперапрацоўчыя магутнасці расіян у Туапсэ ўжо не ўпершыню падвяргаюцца атакам беспілотнікаў. Генштаб ЗСУ паведамляў, што ў красавіку ўдары Сіл абароны па партовай інфраструктуры горада прынеслі РФ страты ў памеры больш за 300 мільёнаў долараў.
20 мая журналісты пабывалі ў Туапсэ пасля атак беспілотнікаў і высветлілі, што эксперты папярэджваюць пра экалагічную катастрофу, а ў мясцовых аптэках разбіраюць сарбенты і рэспіратары. У той жа час з пляжаў прагняюць валанцёраў і забараняюць здымаць разбураныя атакамі цыстэрны.
Напачатку мая дроны зноў дабраліся да Туапсэ, дзе ўдарылі па марскім порце і мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ), пасля чаго на прадпрыемстве ўзнік пажар.